«Яму, старому, трэба езьдзіць за ўсякаю каланіцаю, бытцым німа каму ешчэ з дваровых»... (М. Гарэцкі. Рунь – Р, 7). Селі ў апошні раз сумесна снедаць – яна [княгіня], дзеці, варта, дваровыя (К. Тарасаў. Тры жыцці княгіні Рагнеды – ТЖ, 59). Алесь сам чуў ад дваравых, што Халімону даўно варта было б яе [жонку] набіць (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 60).
Дварэцкі [ст.-бел. дворецкий, дворетцкий – 1. Дваровы, тое, што адносіцца да двара. 2. У значэнні наз. Кіраўнік каралеўскіх маёнткаў; галоўны начальнік, які загадваў гаспадаркай і прыслугай пры двары тытулаванай асобы; эканом] м. Старшы слуга ў панскім доме, які загадваў гаспадаркай і кіраваў прыслугай. Дварэцкі рукі нявесты развёў ды клікнуў маладога (А. Карпюк. Белая дама – БД, 306). Туды ж кінуў сваю думку і дварэцкі Дзмітрый Пешкаў: «Літоўцам трэба паказаць, што і мы маем гонар» (І. Шамякін. Вялікая княгіня – ВК, 30).
Двор [ст.-бел. дворъ – 1. Асобная сялянская гаспадарка. 2. Панскі, скарбовы, шляхетны маёнтак; і інш.] м. 1. У Вялікім княстве Літоўскім да сярэдзіны XVI ст. – уласная гаспадарка феадала з комплексам жыллёвых і гаспадарчых будынкаў, ворнымі землямі і іншымі ўгоддзямі (паняцце двор пазней было заменена тэрмінам фальварак). Крамянец, вядома, не Мальбарк, але ж не двор (К. Тарасаў. Пагоня на Грунвальд – ТЖ, 428–429). // Цэнтральная сядзіба феадальнай гаспадаркі. [Княжыч:] – Узяць хачу ў княжы двор цябе... не пашкадуеш... апрану ў заморскія тканіны... (В. Іпатава. Гул далёкіх стагоддзяў – Пр., 202). Адразу ж пасля таго, як шляхціц пакінуў двор князя Шамяціча, ён накіраваўся на гарадскі рынак, дзе запасся ежаю і рушыў на Волагду (В. Чаропка. Храм без Бога – Хр., 169). // Панскі маёнтак, памесце. Ад родных ніў, ад роднай хаты У панскі двор дзеля красы Яны, бяздольныя, узяты Ткаць залатыя паясы (М. Багдановіч – ТСБМ, II, 159). Памятаў Рыгор і тыя моманты, калі цёмныя лістападаўскія ночы асвятляліся вогненнымі факеламі з панскіх двароў (Ц. Гартны – ТСБМ, II, 159). Дзе стаяў двор панскі Грознаю пікетай, І паны спраўлялі Гарцы ды банкеты, – Там цяпер красуюць выселкі, пасёлкі (Я. Купала. Дзе стаяў двор панскі... – Зб. тв., IV, 168).
2. Світа манарха з прыдворных чыноў. [Войшлак:] – Я скажу... папрашу бацьку, каб цябе [Апфію] ўзялі ў двор. Маёй сястры патрэбна такая, як ты (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 38). // Манарх (цар) і яго акружэнне. ..але лёгка жылося ёй [Апфіі] пры двары, дзе грыдні і сыны людзей вятшых нямала за ёй прылягалі (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 51). Будучы апазіцыйна настроеным да царскага двара, Сувораў не аднойчы трапляў у няміласць («Беларусь» – ТСБМ, II, 159).
75 👁