Даўблёнка ж. Даўблёнае судна. ..пасярод ночы, бачылася асветленая смалякамі царква Дабравешчання, купецкія падвор'і, прыстань, дзе ўлетку заўсёды гайдаліся стругі, вялікія камягі і даўблёнкі, што прыходзілі ў Віцьбеск з Рыгі, Любека, Кіева і везлі тавары як з усходніх – Візантыі, Венецыі і Сірыі, так і заходніх краін (В. Іпатава. Альгердава дзіда – АД, 545).
Даўгушы мн. Від старадаўняга транспарту. Алесь вырашыў капануць субяседніка, масквіч ці не. – А чаму «калібер»? – Па думскаму каліберу рабілі пры генерале губернатары Галіцыне. Даўгушы ён загадаў знішчыць, а ўсім парабіць такія па думскаму каліберу, узору. То рамізнікі самыя экіпажы так сталі зваць... Дурны народ... (У. Караткевіч. Чорны замак Альшанскі – ЧЗ, 286–287).
Даўцэпны [ст.-бел. довтипный, довстипный, довтепный, довтыпный, достипный, дофтипный; польск. dowcipny – дасціпны, разумны] прым. Кемлівы. [Жанчына:] – З вамі ж, я думаю, мы знойдзем згоду, пан чалавек не толькі даўцэпны, але і храбры воін (В. Іпатава. Чорная княгіня – Пр., 145).
Дачыненьні мн. Адносіны. Бацька ягоны меў нейкія блізкія дачыненьні да Васільянаў, а ён сам цікавіўся галоўна дэманалёгіяй, кабалістыкай і да г. п. (В. Ластоўскі. Лябірынты – Тв., 77). ..такія дачыненьні склаліся ў іх [дзяўчат] даўно, а ён [Раман] быў для іх свой, хоць і належыў, як яны казалі, Валі Камоцкай (М. Сяднёў. Раман Корзюк – К, № 7, 44).
Даязджач і даязджачы м. Даездчык, псяр, які распараджаецца хартамі на паляванні. Часам на паляванні стралецкія смыкі Асочаць лес – пачуеш стралы, сабак лаі, Аж даязджач на дзіка натрапіць у гаі (В. Дунін-Марцінкевіч. Пан Тадэвуш – Тв., 467). Аж суддзя даязджачым кажа, штоб прысталі (там жа, 463). Трухаючы задам і перавальваючыся, звер бег усё хутчэй проста на Юлляна. Вось ён пакінуў убаку даязджачага, і Карп, выпрастаўшыся, кінуўся на лыжах у бок сёмага нумара, на дапамогу... (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, II, 203). «Карп, – сказаў бацька, – старшы даязджачы. З гэтым, брат, трымай вуха востра. Сур-ровы» (там жа, I, 55).
Даязджачы, прым. Які мае адносіны да даязджачага. Карп падышоў да іх і, не вітаючыся, пачаў дакладаць звонкім і трошкі сіпаватым, даязджачым голасам (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 55).
Дварак [польск.] м. Прыдворны. Ларэнца, дварак (Я. Купала. Эрос і Псіха – Зб. тв., VII, 133).
Дваранін [ст.-бел. дворанинъ, дворенинъ, дворэнинъ, дворянинъ – 1. Дваранін. 2. Каралеўскі чыноўнік. 3. Прыдворны. 4. Рыцар, тампліер,
79 👁