Д
Дабраць, незак. Падабраць. Ігнат разумеў, што тут выпадае нешта сказаць, але ня мог дабраць слова (В. Ластоўскі. Прывід – Тв., 13).
Даводне [ст.-бел. доводне, доводно], прысл. Дакладна. [Бацька:] – Даводне вядома, што вы, антытрынітарыі, ужо і на Хрыста, і на Троіцу замахнуліся, подлае, сатанінскае племя! (В. Іпатава. Чорная княгіня – Пр., 156).
Дага [ст.-бел. дакга, дека; ст.-польск. daga, deka < лац. daga] ж. Кінжал. Абаронены кальчугай-байданкай, з буйнымі пляската кутымі кольцамі, жалезнай шапкай, узброены вузкім канчаром і дагай, маскавіт адчуваў сябе ўпэўнена (В. Чаропка. Храм без Бога – Хр., 171).
Дагератып [фр. daguerreotupe, ад L. Daguerre – прозвішча вынаходцы фатаграфіі (1787–1851) і гр. typos – адбітак] м. Фатаграфічны здымак, атрыманы метадам дагератыпіі – першым тэхнічна распрацаваным спосабам фатаграфавання на металічную пласцінку, пакрытую слоем ёдзістага серабра, прапанаваным французам Л. Дагерам у 30-я гады XIX ст. [Алесь:] – Бачыў я дагератыпы. Даволі натуральна. Вядома, не партрэт, але нам будзе нічога. Памяць (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, II, 308). [Грынчык:] – Я раблю [фотаздымкі] выключна на срэбры. Не тое, што некаторыя «наватары» – на медных пласцінках. Яны б яшчэ паперу прыдумалі ці палатніну, як мастакі. Гэта ж дзіка! Чалавек робіць добры дагератып раз, многа – два ў жыцці. Ён павінен быць вечны, дагератып (там жа). ..папрасі ў маці дагератып, які я прыслаў вам з Францыі (маю падазрэнне, што цяпер ён ляжыць у патайным прыскрынку бюро) (У. Арлоў. Пакуль не згасла свечка – ПМЛ, 237).
Дагератыпіст [ад L. Daguerre – прозвішча вынаходцы фатаграфіі і гр. typos– адбітак] м. Той, хто рабіў дагератыпы. Ён [Алесь] стаў у нязграбнай паставе, нібы перад апаратам дагератыпіста (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, II, 179).
Дагератыпны, прым. Які мае адносіны да дагератыпу. Над дзвярыма была шыльда: Дагератыпная майстэрня М. М. Грынчыка (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, II, 307).
Дайноўскі, прым. да Дайнова. Як пры гульні ў варцобы, расстаўляў ён [манах Елісей] постаці князёў нальшчанскага і дайноўскага, жамойцкага і новагародскага, а бацьку свайго Міндоўга то адстаўляў убок, то зноў наперад (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 80).
Дакляраваць незак. Абяцаць. [Куторга]: Бацька твой [Марысі] дакляраваў мне тваю руку за тое, што я буду сведкам проціў Цюхая-Ліпскага (В. Дунін-Марцінкевіч. Пінская шляхта – Тв., 124).
82 👁