Глумец [параўн. ст.-руск. глумити – забаўляць, весяліць] м. Вандроўны акцёр. ..нездарма бачыў ён [Агапій] у сваіх падарожжах страхотлівыя грымасы-маскі глумцоў – вандроўных акцёраў: але яны выказваюць праўду жыцця (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 46). [Каралева Марта] ладзіла то чытанні аб прыгодах Трышчана і Ізоты, то спевы салодкагалосыя, а то і глумцоў, вандроўных актораў, запрашала, не шкадуючы на тое грошай (там жа, 67). Як без скокаў і дудак, без глумцоў і валынак? (В. Іпатава. Вяшчун Гедзіміна – АД, 460). / у параўн. Сінім, зялёным, жоўтым загарэліся слюдзяныя каляровыя вокны залы, кідаючы вясёлыя водбліскі на падлогу, нібыта рыхтавалася тут выступленне глумцоў, а не рыцарскі паядынак (В. Іпатава. Альгердава дзіда – АД, 559). ∆ Глумцы-акторы: Бацька, Міндоўг, спрабаваў прайсці свой шлях, балансуючы, як глумцы-акторы, на вяроўцы, напятай высока над галовамі (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 295).
Гняздар ж. Узятая з гнязда птушка. – Мы з ёю [пляменніцаю] розмыта выношваем, як бачыш, а гэта табе, княжа, не гняздар ці слетак (В. Іпатава. Гул далёкіх стагоддзяў – Пр., 213).
Гон [ст.-бел. гонъ – мера зямлі і адлегласці; ст.-руск. гоны] м., мн. гоні (гоны) 1. Адзінка вымярэння даўжыні і плошчы. Толькі ён гэта адыйшоўся з двое гоняў, ажно бачыць: выяжджае зь лесу нейкі малады чалавек на белым кані (В. Ластоўскі. Юга і грамавік – Тв., 19). Лазьня была за гоні ад вёскі (М. Гарэцкі. У лазьні – Р, 21). Моўчкі праехалі яны колькі гоняў (І. Навуменка – Ск., 32). Ідзе кустамі ўскрай рачулкі – Тут кладка ёсць праз гоны тры. Ён знае ўсе тут закавулкі (Я. Колас. Рыбакова хата – Зб. тв. у 12 т., VIII, 191).
2. Зямельны ўчастак, поле, ніва. Белая Русь мая, чыстая ты мая. Родная ты мая. Белыя гоні бульбы. Белыя косы дзяўчат. Воблакаў белых над Бугам вечны парад (У. Скарынкін – Ск., 32).
○ Бабровы гоні і гоны бабровыя [ст.-бел. гонъ бабровы (бабровая)] – участак, адведзены для бабровага промыслу. Бо ёй [Гайне] дадзеная прыгажосць, якую многія хацелі б захапіць гэтак жа, як хочацца ім захапіць паболей палёў, лясоў, бабровых гоняў ці сенажацяў (В. Іпатава. Вяшчун Гедзіміна – АД, 440). – Колькі за яе [ікону] ніваў, сенажацяў і гонаў бабровых купіш? – схіліўся да вуха сябра Кужаль (В. Іпатава. Альгердава дзіда – АД, 604).
Госць [ст.-бел. гость – 1. Госць, наведвальнік. 2. Купец, які гандляваў у розных гарадах і краінах; іншаземны купец; чужаземец. 3. Чалавек, які знайшоў прытулак у іншай краіне, іншым горадзе, у каго-н.] м. Купец. ..татары захапілі ладдзю з шаўковымі тканінамі, што плыла з Кіева, знік, захапіўшы выручку, гандлёвы госць Каўрон (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 91).
82 👁