Вярста [ст.-бел. верста] ж. 1. Старадаўняя мера даўжыні, роўная 1,06 км. Не далей як за дзве вярсты ад нас ёсць хата Вядомага палкоўніка, вось там заўзята Пры століку зялёным б'ёмся мы [у карты] (В. Дунін-Марцінкевіч. З-над Іслачы, або Лекі на сон – Тв., 383). Там было блізка да капішча Перуна, ад дома ж Відэвута трэба было ісці каля вярсты (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 273). ..а дзікі за колькі вёрстаў ад Крывой гары, таксама падняўшы лычы, спалохана нюхалі паветра і таксама раўлі (В. Іпатава. Вяшчун Гедзіміна – АД, 355). А воінства гэтае расцягнулася не на адну вярсту (І. Шамякін. Вялікая княгіня – ВК, 6). Толькі некаторыя з старых дзядоў і бабулек ходзяць у царкву за некалькі вёрст (З. Бядуля. Дзесяць – Выбр. тв., 172). Стругі, баркі, чаўны, караблі, абозы, караваны ўжо за сотню вёрст чулі магутнае гучанне, нібы гудзенне-трымценне самой зямлі (В. Говар. Пялёстак і крышталь – ПК, 148). Шорах па целе Сцяпана пайшоў. Страшныя родзяцца думы. Шмат яшчэ вёрстаў дабрацца дамоў. Пужаюць снежныя шумы (Я. Купала. У піліпаўку – Зб. тв., V, 56). «І наша вогнішча бачыць», – дадаў Алесь. «Напэўна бачыць, – сказаў Кандрат, – адсюль да Раўбічавага дому вярсты тры якіх» (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 27). За вярсты паўтары направа цягнулася Вялікая Патапеча: балота, мох, купнік, зарасьлі (М. Гарэцкі. Роднае карэньня – Р, 68).
2. Верставы слуп. Не ідзе, а ляціць паравоз, толькі мільгаюць паабапал пераезды, слупы, паласатыя вёрсты (М. Лынькоў – ТСБМ, I, 602). У каляінах колы калыхалі, спыняўся конь ля кожнае вярсты (С. Грахоўскі – Ск., 30).
◊ За вярсту – далёка. Ад гэтага [сына] за вярсту патыхала бязладнай павольнай сілай (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, II, 76). Апошнія паведамленні можна слухаць за вярсту, нават за дзве ад райвыканкомаўскай плошчы... (І. Навуменка – Ск., 30). [Шчырэцкі]: Паведамляю цябе, што наш дзедзіч пакінуў за вярсту коні, а сам з служкаю скора тут будзе (В. Дунін-Марцінкевіч. Ідылія – Тв., 32). За кавалак пеку сем вёрст квэкай – вельмі далёка ісці за непатрэбшчынай (пек – падгарэлая скарынка бохана). – С. М. [Кагут:] – Чорт ведае што! Навука! Едзеш немаведама куды, мучышся. За кавалак пеку сем вёрст квэкай. Сваёй мудрасці няма, ці што? (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, II, 111). З каломенскую вярсту – вельмі высокі (пра чалавека). Адзін, як за Крычавам кажуць, з каломенскую вярсту, другі – каратыш (І. Чыгрынаў. Свае і чужынцы – ЭСФ, 159). Каломенская вярста – чалавек вельмі высокага росту. Зверху раздаўся глухаваты голас: – Гэй, вярста каломенская, прыгніся, калі кацялок табе дарагі! Тут хутка прадзіравяць (І. Новікаў. Ачышчэнне – ЭСФ, 184). Лічыць,
82 👁