Старонка 116
◀ / 658 ▶
Высокаблагароддзе н. У дарэвалюцыйнай Расіі – тытул, прысвоены афіцэрам і чыноўнікам ад 14-га да 9-га класа (уключна) па табелі аб рангах (ужываўся з займеннікамі «ваша», «іх», «яго»). – Ваша высокаблагароддзе! Я арыштаваў і прывёў да стану сіцыліста (Я. Колас. Соцкі падвёў – Зб. тв. у 12 т., IV, 32). Высакароддзе н. У дарэвалюцыйнай Расіі – тытулаванне грамадзянскіх чыноў 5-га класа (стацкіх саветнікаў) і іх жонак (ужывалася з займеннікамі «ваша», «яго», «яе», «іх»). [Яроцкі:] – Сам пайшоў чай піць. І двух кубкоў не выпіў – кліча салдат: «Ідзіце на муры, ваша высакароддзе (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, II, 250). Высакароднасць ж. Тое, што высакароддзе. [Вежа:] – Як жа клікалі яго высакароднасць? [Алесь:] – Мацеем... (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 303). Высілак м. Намаганне. ..я ўжо ня меў сілы стрымаць сябе, нешта незразумелае, няпераможнае цягнула наперад, і высілкам усяе волі я ня мог спыніць сябе, каб ня ісьці далей (В. Ластоўскі. Лябірынты – Тв., 103). Высокасць ж. Дарэвалюцыйны тытул вялікіх князёў (ужываўся ў спалучэнні з займеннікамі «ваша», «іх», «яго», «яе»). А ў зале, у мяккіх крэслах, – высокія госці: яго імператарская высокасць прынц Альдэнбургскі, брат імператрыцы, праасвяшчэнны Гермаген, епіскап Ладажскі, міністры (У. Ліпскі. Невядомы: Аповесць пра Ігната Грынявіцкага – Н, 190). / (іран.). «Т-так, – суха сказаў дзед. – Заплаціў ты, значыцца, першую даніну свайму вар'яцтву. Скончылі, іх высокасць, курс навук» (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 338). Выцечка [ст.-бел. вытечка, витечка – 1. Вылазка, выхад за межы свайго размяшчэння для нападу на ворага. 2. Конныя спаборніцтвы; рыцарскі турнір і інш.] ж. Ваенная вылазка. – Таўціл зноў робіць на цябе выцечку (Г. Далідовіч. Кліч роднага звона – КРЗ, 226). Вэлён [польск. welon] м. Вэлюм. Прыбіралі, як да шлюбу, Ў белю і вэлёны, Запляталі буйны косы Ў каснікі чырвоны (Я. Купала. Бандароўна – Зб. тв., V, 92). Вязелле н., зб. Пласт, кавалак кары вяза з валакністай унутранай часткай. Жывена паказала на ..старога, што паціху клыгаў з храма, аберуч трымаючыся за пашмальцаваны вярэнь, у якім, мабыць, прыносіў падарунак багам, у падраных лапцях з вязелля (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 73). Вязніца і вязьніца ж. Турма, цямніца. Брата яе ў княжай вязніцы трымаюць (Л. Дайнека. Жалезныя жалуды – ЖЖ, 234). – Забралі каго.. у вязьніцу? (М. Цэлеш. У імя догмы – ХБ, 36).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
82 👁
◀ / 658 ▶