Воблакапрагоннік м. Лекар, чарадзей. Баяцца нас, лекараў альбо звездароў, называюць воблакапрагоннікамі, але бягуць і бягуць па дапамогу (В. Іпатава. Вяшчун Гедзіміна – АД, 392). [Барталамей:] – Адкуль я ведаю, што калі дакрануся, то не ператваруся ў што-небудзь? – пужліва казаў ён. – Вы, воблакапрагоннікі, чарадзеі, усё можаце (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 293–294).
Вож [ст.-бел. вожъ, вожь – правадыр] м. Правадыр, важак. Але старадаўні звычай патрабаваў стаяць збоку і чакаць, пакуль сякуцца між сабою вожы (Л. Дайнека. Жалезныя жалуды – ЖЖ, 117).
Вознік м. Рамізнік, фурман. Мужчына, які любіць коней, прасіўся куды-небудзь вознікам (У. Ліпскі. Невядомы: Аповесць пра Ігната Грынявіцкага – Н, 77).
Возны [ст.-бел. возный – судовы выканаўца] м. Судовы чыноўнік, які абвяшчаў судовыя дэкрэты і ўручаў позвы (выбіраўся з дробнай шляхты, якая мела свой кавалак раллі); павятовы ўраднік, які аглядаў месца злачынства, прыводзіў злачынцу да суда, сачыў за выкананнем закона. У сенях возны Пратазы разам войскі стары, Стаючы са свечкамі, вялі ціхі свары (В. Дунін-Марцінкевіч. Пан Тадэвуш – Тв., 434). – Возны! абвясці указ да заўтра, у полю. Заўтра і граф з стральцамі тутацька прыедзе, І Вашэ пойдзеш з намі, суддзя, мой суседзе! (там жа, 446). Бацька іх [дачок] быў ваўкавыскі возны, ведаў усе спрэчкі, свары, бойкі і зараз апавёў, што Мікола Верашчака паскардзіўся на братоў цівуну (К. Тарасаў. Пагоня на Грунвальд – ТЖ, 258). Лаўка прыпякала сядзець са старымі, нудзіцца сур'ёзнай гутаркай, ды не мог адысці, бо возны і баярын Іван не адпускалі; завёўшы размову пра вайну не маглі спыніцца (там жа, 259).
Вой [ст.-руск. вои – воін, мн. вои – войска] м. Воін. Слава ўдачлівага воя суправаджала [Міндоўга] ужо многія гады, яшчэ дзяўчынкай чула яна сказы-пераказы пры ягоныя перамогі над тэўтонамі, палякамі ды яцвягамі, і, як дзяўчынка, трапятала перад ім (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 31). ..атраду Брачыслава і яго воям патрэбна было новае ўзбраенне (В. Іпатава. За морам Хвалынскім – МХ, 3). На фабрыцы, у войску й то кожны работнік і кожны вой розныя... (М. Цэлеш. У імя догмы – ХБ, 40). Воі на забаролах свяцілі паходнямі (Л. Дайнека. Меч князя Вячкі – МКВ, 9). О зямля Руская! З славай воі твае маладзенькія Перасягнулі далёка Ўжо рубяжы палавецкія (Я. Купала. Слова аб палку Ігаравым – Зб. тв., V, 256).
Δ Воі-грыдзічы: Следам за князем ценямі шмыгнулі два воі-грыдзічы, гатовыя кінуцца на любога, хто асмеліўся б падняць на іхняга гаспадара руку (В. Чаропка. Храм без Бога – Хр., 65). Воі-дазорцы: Воі-дазорцы бясшумна хадзілі наўкол яго, зрэдку перагукваючыся між са
82 👁