..рушыла ўрачыстае шэсце да Сафійскага сабора, на плошчу, дзе ўжо шумелі мужы-вечнікі (там жа, 157).
Вешацель [руск.] м. Вешальнік, жорсткі і дэспатычны прыгнятальнік. Купаецца [грабежнік] у слязах удовіных, сірочых, ..Прысяжны вешацель, цар скоцкага разгулля (Я. Купала. Грабежнік – Зб. тв., IV, 385).
Вешчы, прым. Прарочы. Яму [Усяславу] першаму вешчы Баян і прыпеўку злажыў дасціпную (Я. Купала. Слова аб палку Ігаравым – Зб. тв., V, 244). // Чараўніцкі. Хоць і вешчая душа у дзёрзкім целе [Усяслава] была, але часта бяды нацярпеўся (Я. Купала. Слова аб палку Ігаравым – Зб. тв., V, 244).
Веялка ж. Драўляны шуфлік для ручнога веяння збожжа пасля малацьбы. Веялкай павее [гаспадар] Кубялок дабра [зерня] (Я. Купала. Гутарка аб кепскім гаспадару – Зб. тв., IV, 161).
Відарыс м. Від, вобраз. За гарадской сцяной у полі вешчуны зрабілі відарыс Ягі даўжынёй у сорак крокаў (К. Тарасаў. Тры жыцці княгіні Рагнеды – ТЖ, 22).
Віж [ст.-бел. вижъ] м. 1. Той, хто выгледжвае, сочыць за кім-, чым-н. Паспела [Жывена] заўважыць, як адскочыў ад дзвярэй нехта – мабыць, нейчы віж (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 277). Тут вокны былі шырокія і вялікія, забраныя кутымі танюткімі кратамі. Ніхто і не падумаў бы, што гэтыя краты ад злодзея або віжа, так яны нагадвалі карункі або сплеценыя кветкі (У. Караткевіч. Хрыстос прызямліўся ў Гародні – Выбр. тв., 123). // Разведчык, шпег. Як празнаў, што ўслед за татарамі нараджаюць віжаў, патаемна сабраўся і ўжо за горадам разам з двума слугамі нагнаў Шыкуліча (В. Чаропка. Храм без Бога – Хр., 88).
2. Службовая асоба ў Вялікім княстве Літоўскім, якая назначалася старастам або іншым прадстаўніком улады ці феадалам для ўдзелу і нагляду за правільнасцю судаводства ў судах. // Службовая асоба, абавязкам якой было засведчанне прыкмет злачынцаў, удзел у інвентарызацыі маёнткаў; асоба, прыцягнутая да засведчання фактаў, якія датычаць аднаго асобнага злачынства.
Δ Віжы-даносчыкі: ..колькі ні віравала вакол віжаў-даносчыкаў, ніводзін так і не змог адпісаць Данілу праўду (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 79). Віж-здраднік: – Але ведай: цяпер гэты віж-здраднік можа памагчы табе (Г. Далідовіч. Кліч роднага звона – КРЗ).
Віжавое [ст.-бел. вижовое – плата за засведчанне прычыненых шкод] н. Плата за данос. – Ён віжавое ў князя ўзяў, – злосна выдыхнуў Курыла Валун (Л. Дайнека. Жалезныя жалуды – ЖЖ, 266).
Візантыец м. Жыхар Візантыі. Але было вядома, што Мікалай – візантыец, вырас ён у заможнай сям'і, і нават дзёрзкі і драпежны
74 👁