ламатара, а ў Ірачкі харэаграфічныя задаткі, дык, ты, напэўна, не паверыш, я зусім страціў руль кіравання. Разумееш? Сямейны карабель паплыў, як кажуць, без руля і без ветразяў (М. Чавускі. Канфліктная сітуацыя – ЭСФ, 48). А бэсэсэраўская рускамоўная «Звезда» таго часу пераконвала ў іншым: «..віленскія беларускія нацыяналісты, гэтыя балбатуны і пустамолы, гэтыя людзі без стырна і без ветразяў.., пабрыдуць за панам Алексюком» (А. Пашкевіч. Пляц Волі – ЭСФ, 48).
Веча [ст.-бел. вече, вечо] н. Сход, на якім вырашаліся грамадскія і дзяржаўныя справы. Алена падумала, што гасудара ўсея Русі не ўпрасіла б ні яна, дачка яго, ні жонка, ні мітрапаліт, ні баярскае веча (І. Шамякін. Вялікая княгіня – ВК, 140). Князь моршчыўся, але цярпеў, бо заўтра ці паслязаўтра трэба будзе стаяць на вечы каля сабора Святой Сафіі (Л. Дайнека. Меч князя Вячкі – МКВ, 120). Там веча, якое трэба ламаць і ставіць на калені (В. Іпатава. Вяшчун Гедзіміна – АД, 353). ..каля храма ёсць лесвіца Даўмонта, па якой ідуць на веча князі, якіх там выбірае народ (там жа, 441). [Алесь:] – І таму нам або непатрэбны зборні, або іх трэба зрабіць іншымі. Сапраўдным вечам, сапраўднай капою. Месцам, дзе кожны аддаваў бы душу і здольнасці – народу (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, ІІ, 30). Ці маглі беларускія земляробы, сабраўшыся на веча ці на вайну проці чужынцаў, ламаць сабе языкі чужой, незразумелай для іх гутаркай? (Я. Купала. Ці маем мы права выракацца роднай мовы – Зб. тв., VII, 184).
Δ Веча-сход (вобразн.): Нахлынула, нарынула на веча-сход Старукае, станогае Няведамае племя (З. Бядуля. З сказаў буры і віхораў – Зб. тв., І, 164).
Вечаваць незак. Праводзіць веча. Як жылі, як вечавалі, Як пасля былі ў прыгоне, Адаб'е, як у крышталі, Летапісец наш сягоння (Я. Купала. Наш летапісец – Зб. тв., IV, 115).
Вечавы і вячовы [польск.], прым. Які мае адносіны да веча. Толькі жыў нежывы звону гул вечавы, Аб тым шэпчуць дубы, ясакоры (Я. Купала. Песня званара – Зб. тв., ІІ, 140). Званы вячовы змоўклі, анямелі, У ярме сагнулі людзі плечы ў крук (Я. Купала. Свайму народу – Зб. тв., IV, 12).
Вечарніца [укр.] ж. Вечарынка. Паўздоўж Дняпра ідзе казак, Можа, з вечарніцы (Я. Купала. Гайдамакі – Зб. тв., V, 446).
Вечарына ж. Вечар. ..вечарына стаяла цудоўная – ціхая, цёплая; у такія вечарыны добра бярэць язь на гарох з падкормкай на ямах пры перакатах (М. Цэлеш. Ападкі – ХБ, 113–114).
Вечнік [ст.-бел. вечникъ – удзельнік веча] м. Удзельнік веча.
Δ Мужы-вечнікі: Калі разышліся мужы-вечнікі, Вячка паклікаў Клімяту Аднарука з Мірошкам (Л. Дайнека. Меч князя Вячкі – МКВ, 274).
83 👁