Старонка 101
◀ / 658 ▶
Верацяно і верцяно н. Прыстасаванне для ручнога прадзення ў выглядзе круглай драўлянай палачкі з патаўшчэннем унізе і завостранымі краямі. Гуд матчынага верацяна быў лагодны і прыемны, як песня аб шчасці (З. Бядуля. У дрымучых лясах – Зб. тв. у 5 т., III, 299). Песню пачуеш дый гоман руч'я; Так і ў хаце. Верцяно бурчыць (В. Дунін-Марцінкевіч. Вечарніцы – Тв., 206). Невясёлыя думкі, такія ж аднастайныя і доўгія, як тыя ніці, што смыкала яна і накручвала на верацяно, віліся над яе старою галавою (Я. Колас. Дрыгва – Др., 113). Верашчака ж. Рэдкая мучная страва з мясам, каўбасой і рознымі прыправамі. Бліны, верашчака – На паўгода раз, Нават чамяруха Рэдка ў які час (Я. Купала. Гутарка аб кепскім гаспадару – Зб. тв., IV, 161). Тым часам маці даставала Чыгунчык з печцы, лыжку брала і верашчаку налівала (Я. Колас – ТСБМ, I, 478). Як цетраў [цецярук] у лясочку жаласна балбоча, Так маё сэрцайка да панны сакоча, Ні верашчака, каўбасы дзялянка, – Нішто не смакуе без цябе, каханка (В. Дунін-Марцінкевіч. Пінская шляхта – Тв., 123). Верв [ст.-руск. вьрвь, вервь, врьвь – абшчына] ж. Абшчына. І заплаціла весь дзікую віру, бо, як гаворыцца ва ўставах князёў свіслацкіх, «у іхняй зямлі, у іхняй верві галава ляжала» (Л. Дайнека. Меч князя Вячкі – МКВ, 76). Вернападданы, прым. Які захоўвае вернасць каму-н. А твой [вёскі] народ вернападданы Імкнецца, скінуўшы кайданы, Да новай долі, новай славы (Я. Купала. Сыходзіш, вёска, з яснай Явы... – Зб. тв., IV, 185). Верставы, прым.: ○ Верставыя слупы – прыдарожныя слупы, расстаўленыя з прамежкам у адну вярсту, якія ўказваюць адлегласць да пэўных пунктаў. Грыміць на карэннях цялежка, мігцяцца стракатыя верставыя слупы, мігцяць, пахіліўшыся, абросшыя мохам хваёвыя крыжы наабапал дарогі (Я. Колас – Ск., 31). Верхавы м. Коннік. Убачыўшы верхавога, салдат запыніўся: верхавы махнуў яму шабляй (Я. Колас. Дрыгва – Др., 49). Вершнік [ст.-руск. вершникъ] м. Верхавы, коннік. ...потым узніклі на палях і дарогах вершнікі, а за імі – аддзелы пешых (К. Тарасаў. Тры жыцці княгіні Рагнеды – ТЖ, 28). Вузкая лясная дарога з Масквы на захад – да літоўскай мяжы, якая ў той час не абазначалася ні на картах, ні памежнымі слупамі, нярэдка бачыла незлічоную колькасць вершнікаў, пешых воінаў з лукамі і мушкетамі, у латах і ў світках (І. Шамякін. Вялікая княгіня – ВК, 6). Яны і праўда чакалі: селянін у чыстай вышыванцы з кутасамі на грудзях, вершнік у скураным нагрудніку і панцыры (В. Іпатава. Вяшчун Гедзіміна – АД, 416). За ім [князем], выпнуўшы ўперад дзіды, на якіх трапяталіся сцяжкі з «Пагоняй», дзве
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
79 👁
◀ / 658 ▶