ТРАНДОЎКА ж. Коўдра, посцілка, вытканая з рыззя. Трандоўкі ткалі з трапак. Туркова.
ТРАНТОЎКА ж. Тое, што трандоўка. Трантоўкі з трапак ткалі. Ясёва. Трантоўку ішчэ дыван завуць. Ясёва.
ТРАПАЧНІК м. Палавік, сатканы з рыззя. Трапкоўка, ці па-другому трапачнік – гэта палавікі із трапак. Малая Кавалеўшчына.
ТРАПАЧНЫ прым. Рыззёвы, вытканы з рыззя. Трапачныі дываны ткалі. Пераброддзе. З рыззя, з трапак ткалісі дываны, называлісі трапачныі дываны. Павяцце. І я некалі ткала трапачныі дываны. Канцэрава.
ТРАПКОВЫ прым. Тое, што трапачны. Трапковыі дываны ткалі. Малая Кавалеўшчына.
ТРАПКОЎКА ж. Тое, што трандоўка. Трапкоўка – коўдра з трапак. Марозькі. Тое, што трапачнік. Трапкоўка, ці па-другому трапачнік – гэта палавікі із трапак. Малая Кавалеўшчына.
ТРАПЛО н. Прылада для трапання лёну – дошчачка з ручкай. Траплом трэпіш лён, лепшый адкладаіш, астаецца горшый, гэта трасуха, яе нада піратрасаць ішчэ. Манякова.
ТРАСТА ж. зб. Трысцінкі ў бёрдзе. Бёрды буваюць з дзіраўлянный трастой і са стальной. Манякова.
ТРАСУХА ж. Горшае льновалакно, што засталося пасля трапання. Благі лён з-пад трапла – трасуха. Манякова.
ТРАЦЦЯК, -цццяка (-цціка) м. Від валакна пры часанні лёну, якое ідзе пасля пачасся і перад кужалем. Вот я вам раскажу, як у нас лён дзяліўся: самая горшая – гэта зрэб'я, тады – пачасся, тады – траццяк. А тады чацвёртая, самая лепшая – гэта кужаль, а пакуля ня ў гэтат шчот, яно аддзельна. Малая Кавалеўшчына.
ТРАШЧОТКА ж. Клін для ўмацоўвання пярэдняга навоя у кроснах. Длі скраплення задніга кола служыць клін, ён завецца кіёк, а длі пярэдніга кола – трашчотка. Цімошкава.
ТРОСЦЬ ж. Пласцінка ў бёрдзе. Пераброддзе, Дзедзіна, Янова, Камянполле. У бёрдзі тросць завецца. Туркова. Цімошкава.
ТРОСЬ ж. Тое, што тросць. Шпагатай умацавана трось. Ясёва. Даўгінава.
ТРУБКА ж. Сувой (даматканага палатна). Трубка палатна. Ясёва. Скаціла палатно ў трубку. Пераброддзе. Дзедзіна. Трубка палатна астаўшысі была ішчэ ад свякроўкі. Туркова. Цімошкава.
ТРЫСЦЁ н. Тое, што траста. Трысцё ўжо павысыпалася ў маім бёрдзі. Канцэрава.
ТРЫСЦІ мн. Пласцінкі ў бёрдзе. Трысці ў бёрдзі, а адна трысціна. Павяцце.
79 👁