РЫБ'Я ВОЧКІ Узорнае даматканае палатно, што вытыкалася ў чатыры панажы (ужываецца звычайна ў выразе ткаць у рыб'я вочкі). Рабізну ткалі ў рыб'я вочкі, у ёлачку. Манякова.
РЫЗ'Ё н. Рыззё, лахманы як матэрыял для ткання палавікоў. На палавікі рыз'ё ішло. Пераброддзе.
РЫЗЗЁ н. Тое, што рыз'ё. Палавікі з рыззя ткалі. Ясёва.
РЭПКА ж. Тое, што мітэрка. У калаўроці ёсць рэпка, каля шпулькі іна. Ясёва. У калаўроці ёсць кола, рагач, шпулька, рэпка, шнур. Марозькі.
САМАДЗЕЛЬНЫ прым. Даматканы, не фабрычны (пра тканіну). Самадзельная тканнё. Ясёва. Даўней толькі з самадзельнага палатна й шылі ўсё чыста. Дзедзіна.
САМАДЗЕЛЬШЧЫНА ж. Даматканае палатно. Уперад толькі самадзельшчыну й насілі, крамнага мала куплялі. Дзедзіна.
САМАДЗЯЛКОВЫ прым. Тое, што самадзельны. Упярот болі самадзялковая палатно було. Туркова. Цімошкава, Калатушкава, Мазурына, Атрошкава, Манякова, Бухалава, Копцева II, Цвеціна.
САМАТКАНЫ прым. Тое, што самадзельны. Даўней насілі ўсё саматканая. Туркова.
СЕДЗЕЛКА (седзілка) ж. Сядзенне ў прасніцы. На седзілку садзісся і прадзеш. Манякова.
СКАЗЛІЦЦА зак. Скасіцца, скасабочыцца (пра кросны). Кросны сказлілісі, скасавалісі. Янова.
СЛАНЕЦ, -нцу м. Вылежаны лён на сцелішчы. Сланец выліжыцца, тады лоўкі ён. Манякова.
СНАВАЛЬНЯ ж. Прыстасаванне для снавання кроснаў. У снавальні чатыры дзіркі. Марозькі. Кажуць і снавальня і снуйка, гэта тоя самая. Дворнае Сяло.
СНУЙКА ж. Тое, што снавальня. Ясёва, Даўгінава. Снуйка, а ўпярот на сцяне снавалі. Новае Сяло. На снуйку кросны снувалі. Туркова. І снуйка і снулька скажуць. Павяцце. Кажуць і снавальня і снуйка, гэта тоя самая. Дворнае Сяло. Снувалі кросны на снуйцы. Старыя Крукі.
СНУЛІ адз. няма. Тое, што снавальня. Бувала, паставіш снулі і снуеш. Новы Пагост.
СНУЛЬКА ж. Тое, што снавальня. І снуйка і снулька скажуць. Павяцце. Снулька мая у сянёх стаяла. Канцэрава. На снульцы ніткі снувалі. У нас была снулька. Румполле.
СНУЛЬКІ адз. няма. Тое, што снавальня. Нашы снулькі ў сянёх лі сцяны стаяць. Манякова.
СНУЛЯ ж. Тое, што снавальня. Кросны снуюць на снулі. Пераброддзе. Была і снуля, ей снавалі кросны. Камянполле.
91 👁