ГУРТОМ І БАЦЬКА ДОБРЭ БІЦІ (прымаўка). Любая праца лепш робіцца талакой. Учора ў штыро'х мы ма'мэнт бульву пэрэбралі. Дзіво шо, гуртом і бацька добрэ біці.
ГЭТО НЭ СОБЕ. Працаваць не вельмі старанна (стук, грук, абы з рук). Ты, Міхаль, бы нэ собе сёгоні цэлы дэнь робіш.
ДАЙ БОГ ТЭЛЯЦІ ВОЎКА ПОЙНЯЦІ (прымаўка). Няхай усё спраўдзіцца, няхай будзе ўсё як найлепш.
ДЗЕДУ, СЭЛО ГОРЫТ, А Я Ў ДРУГОЕ ПОЙДУ. Усё роўна (гары яно гарам).
ДЗЕ ПХНЭШ, ТАМ І ЗЛЕЗЭШ (ДЗЕ ЗАЛЕЗЭШ, ТАМ І ЗЛЕЗЭШ) Пра чалавека, на якога нельга разлічваць (ні сюды, ні туды, мае мілыя дуды). На тобе, Хвэдор, дзе залезэш, там і злезэш.
ДУЦІ ГУБЫ (НАДУЎ ГУБЫ БЫ ТРУБЫ). Крыўдзіцца (дзьмецца як не парвецца). Ну ладно, нэ дуй ты больш губы, куп'ю я тобе тую сумку.
ДЫБАЛА Я. Мне ўсё роўна. Да дыбала я на ўсэ – вон нэ хочэ, ну і мне нэ трэба.
ЖАБА ДУШЫТ. Зайздройсціць. І чого тэбэ жаба душыт цэлы вэчор?
ЗАЗНАЦІ ГОРА. Гараваць. Ну і зазнала Рыпіна гора з трыма дзецьмі послі смэрці господара.
ЗБІЦІ З ПАНТАЛЫКУ. Падмануць, у тым ліку і выпадкова (з толку збіваць). Ну вон мэнэ ўчора і збіў з панталыку.
ЗНАЦІ БЫ ОБЛУП'ЯНОГО. Добра ведаць. Да я тэбэ знаю бы облуп'яного.
КЛЕПКІ Ў ГОЛОВЕ НЭМА. Дурны, неразумны чалавек, які да таго ж не адказвае за свае ўчынкі (дурань малёваны, сечкай галава напхана). У тэбэ зусім клепкі ў голове нэма.
КОБ НА ТЭБЭ ВОДУ ГРЭЛІ. Найчасцей ужываюць жанчыны пры сварцы; тое ж самае, што і "каб ты памёр" (ваду падаграваюць, каб абмыць памерлага).
КОБ НА ТЭБЭ ЛОЗЫ НАШЛІ (КОБ З ТЭБЭ ДУХ ВЫБЭГ; КОБ ТЫ ГОЛОЎКІ НЭ ПОВЕДАЎ; КОБ ТЫ СЕЎ НА ГАРАЧЫ КАМЭНЬ; КОБ ТЫ НЭ ДОЖДАЎ; КОБ ТЭБЭ ГРОМ ПОБІЎ; КОБ ТЭБЭ ПЭРУН ПОБІЎ ДА ПОТРЭПАЎ; КОБ ТЭБЭ РОСПЭРЛО; КОБ ТЭБЭ РЭЗАНКА ЗАРЭЗАЛА). Ужываюцца пры сварках (каб табе дабра не было).
КРУПЫ ДРАНЫ, ХЛЕБ ЛАМАНЫ. Жыць спакойна, на ўсім гатовым. Добрэ ўжэ Марылі; выгодовала дэтэй, а зарэ жывэ ў дочкі, крупы драны, хлеб ламаны.
КРЫШКІ ПОБРАЎ. Быць вельмі падобным на сваіх бацькоў (адзін у адзін). Уляна ўсе крышкі з матэры побрала.
82 👁