ЖЫЦЬ БЫ КОШКА З СОБАКОЮ. Заўсёды сварыцца. Міхлік з Міхлічыхою последне ўрэме бы кошка з собакою жывуць.
ЖЫЦЬ ЗА ОДНЫМ ДУХОМ. Мала есці. Як ты шчэ ходзіш, не понімаю! Ты ж жывеш за одным духом, сеў бы да поеў шчо-небудзь.
ЗАБЫЦЬ ДОРОГУ. Ніколі не наведваць больш якое-небудзь месца, каго-небудзь. Раней Пецік до нас часто прыходзіў, а як маці ўмерла, то бы дорогу забыў, не прыходзіць.
ЗАГЛЯДАЦЬ У ЧАРКУ. Выпіваць. А Месеччыха тожэ любіць заглянуць у чарку, хоць і осуждае другіх.
ЗАДРАЦЬ НОСА. Ганарыцца. Абы то купіў машыну, то ўжэ задраў носа, да й ні з кім не здороваецца.
ЗАЕХАЦЬ ПО КАРКУ. Пабіць. Бацько прыедзе, то вон цебе ўговорваць не будзе, да заедзе пару раз по карку, то будзеш вучыцца.
ЗАЙМАЦЦА НА СВЕТ. Калі пачынае развідневаць. Будом выходзіць, як оно начне займацца на свет, бо дорога не блізкая.
ЗАКРЫЦЬ РОТА. Замаўчаць. Я тобе кажу, закрый рота, не бачыш, шчо чоловек хочэ нешчо сказаць.
ЗА ЛАДОМ. Па парадку. Дочэнька, грэбі сено за ладом, так лёхчэй будзе.
ЗАЛІЦЦА, БЫ ЦЫГАН СЫРОВАТКОЮ. Вельмі смяяцца. Як сказала я, шчо баба думае замуж выходзіць, то бацько так і заліўса, бы цыган сыроваткою.
ЗАРОБІЦЬ, БЫ БРОЦКІ НА МЫЛІ. Пратаргавацца. Вяскоўцы пераказваюць з пакалення ў пакаленне, што колісь, яшчэ, як кажуць, пры паляках, быў такі чалавек з вёскі Кашары, які таргаваў мылам і прагарэў на гэтай справе. Ох, дочэнька, заробіш ты з гетымі поросятамі, бы Броцкі на мылі, давай мо я луччэй йіх на базар повезу.
ЗАРЫЦЬ НОСОМ. Упасці. Беглі мы крос, а я за нешчо зачэпіласа, да як зарыла носом, то думала не ўстану.
ЗАТОБ НЕ ОТКАЧАЛІ. Яшчэ трохі і не змаглі б выратаваць. Валя Маньчына залезла ўчора ў калхозны сад, да наелас зелёных яблык – то затоб не откачалі дохторкі.
ЗБІЦЬ З ПАНТАЛЫКУ. Заблытаць. Надзе, моўчы, а то збіла мене з панталыку, не знаю, шчо й сказаць хоцела.
ЗБІЦЬ НА НЕТ. Пабіць кагосьці вельмі моцна. Прыежджалі перэброццы, да як зловілі Воўчыка, то збілі на нет, усёй у сіняках ходзіць.
З ВІДНА ДО ВІДНА. Усю ноч. Так я з відна до відна й промучылас, ніяк не могла заснуць.
75 👁