Старонка 15
◀ / 386 ▶
БЫ Ў МЕШКУ. Парыць, вельмі душна, спякотна. Але ж і дзень цепера выдаўса – з самого ранку бы ў мешку, коб хоць до вечора дождж не пошоў. БЫ ХІМА ГАЛОЎЧЫНА. Пра вельмі высокага чалавека. У вёсцы пражывае жанчына, рост якой амаль два метры; адсюль і ўзнікненне фразеалагічнае адзінкі. Ну й выросла гета Дусіна дзеўка, бы Хіма Галоўчына. ВЕЦЁР У ГОЛОВЕ. Пра маладога, нявопытнага чалавека (падлетка). Чому вон цебе навучыць, як у ёго самого йшчэ вецёр у голове. ВІЛАМІ ПО ВОДЗЕ ПІСАНЭ. Няясна. Гето шчэ віламі по водзе пісанэ, мо шчэ ніякого веселья не будзе. ВОЧЫ ВЫПЛАКАЦЬ. Многа плакаць. Бедна Левонцьеўна ўжэ ўсе вочы выплакала чэрэз гетого Віця, а вон прыедзе на тры дне і зноў цэлы год не показваецца. ВОЧЫ ВЫРАЧЫЦЬ. Вельмі здзівіцца. А чого вочы вырачылі? Шчо, першы раз мене бачыце? ВОЧЫ НА ЛОБ ЛЕЗУЦЬ. Вельмі здзівіцца. У дохторкі аж вочы на лоб полезлі, як сказалі, шчо Марыя жэніха прывезла. ВОЧЫ НА МОКРОМ МЕСЦІ. Пра плаксу. Ой, у твое кумы зроду вочы на мокром месці, у одзін міг – да ўжэ й слёзы поцеклі. ВУШЫ РОЗВЕСІЦЬ. Даверліва слухаць хлусню. Вон несе неку безглуздзіцу, а Норма з Хімою розвесілі вушы да слухаюць. ВЫВЕСЦІ Ў ЛЮДЗІ. Вывучыць, даць належную адукацыю. А шчо ж казаць, прожыў я добрэ, дзецей у людзі вывёў, от зара ўнукоў годую. ВЫКІНУЦЬ З ГОЛОВЫ. Перастаць думаць пра штосьці. Выкінь ты ее з головы, хлопчэ, воно ж замужняя жонка. Неўжэ тобе дзевок не хватае? ВЫЛЕЦЕЦЬ З ГОЛОВЫ. Забыць пра штосьці. От жэ ж хоцела ў цебе про нешчо попытаць, да з головы вылецело. ВЫСМОКТАЦЬ УСЕ СОКІ. Вельмі надакучыць. Забірай скорэй од мене свойіх дзецей, бо воны мне ўжэ ўсе сокі высмокталі. ВУШЫ ЎЯНУЦЬ. Не хочацца слухаць. Лено, радзі Бога, замоўчы, бо ў мене от твое говоркі ўжэ вушы ўянуць. ГЕНЬ ДЗЕ ГЕЦЬ. Вельмі далёка. Як выгнала я свою корову, аж бачу – людзі ўжэ гень дзе гэць з свойімі, давай я йіх доганяць. ГІЗУНТЫ ВЫЦЯГНУЦЬ. Змучыць. Гета свекроў мне ўсе гізунты выцягла, шчо ні зроблю, нішчо не наравіцца: то тэ не так, то гетэ не гетак. ГЛУХАЯ ЦЕЦЕРА. Пра таго, хто штосьці не дачуе. От, глухая цецера, то я ж шчэ но казала, шчо нікуды не еду. ГОЛОВУ МОРОЧЫЦЬ. Надакучаць. Люба, не мороч мне голову, да йдзі ўрокі вучы.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
82 👁
◀ / 386 ▶