СТАЎ м. Прыродны вадаём. Стаў ніхто ні капае, ён ад прыроды. Было ўглыбленне ў зямлі, там вада сабралася.
СТАЎБУН м. Стрэлка (у капусце, бураках, цыбулі). У мяне ўся цыбуля ў стаўбуны пайшла, мусі падмерзла вясной.
СТРЫНГАЛЬ м. Высокі, цыбаты чалавек.
СЦІМБУР м. Бадыль, сцябло. Сцімбур – гэта абарваная вітка без лістоў. Яна можа быць сухая, на ёй можа быць многа галінак.
ТОК м. Насціл з гліны ў гумне, гладкі, роўны. На таку даўней цапом малацілі снапы.
ТОРП м. 1. Тарпа. Торп – гэта частка гумна, дзе складаюць сена. 2. Колькасць сена, якая змяшчаецца ў тарпе. Сена, зложанае ў гумне, называеца торп.
ТРАПАЧКА ж. Мухабойка. Трапачка – гэта круглы кусок гумы, прыбіты да палачкі.
ТРЭБУЛЬ. Трэба было. Трэбуль б з яблыкаў соку націскаць, а то гніюць, алі ж ні маю бутэляк. Банкі шкода, можа ішчэ які агурок вырасце, пастаўлю.
ТЫР-Р-Р выкл. Стой! (да каня).
УПРЫЦІРКУ прысл. Мала; толькі як толькі. Было ўпрыцірку грошай, так долараў памяняла.
УСКРУЦІЦЦА (НА БЫКІ) зак. Пра стан цечкі ў каровы. Іду на поля карову забіраць. Прыляцеў пастух, кажа: забірай, ускруцілася.
ФАЕРКА ж. Канфорка. Зусім дрэнная пліта – толькі адна фаерка гарыць, і то слаба.
ЦЁХ-ЦЁХ-ЦЁХ выкл. Падзыўныя для свіней.
ЧАМБОР м. бат. Чабор. Кажды год каля раўка, як на пасяку ісці, чамбор рос, а сёлята німа – мусі засушыла.
ШАРАГІ мн. Рад вешакоў на сцяне. Вазьмі капоту, яна на шарагах за печай вісіць.
ШАРШАТКА ж. Вялікая іголка. А ці прадаюцца цяпер дзе шаршаткі, бо я ўсе свае зламаў за зіму, боты зашываючы.
ШАШОК м. заал. Тхор. Ні можа быць, каб адзін шашок усіх курэй задушыў. Мусі іх там цэлы вывадак быў.
ШТЫБНЫ прым. Цвёрды. Як пакрахмаліш палатно, тады яно робіцца калаватае, штыбнае, само стаіць.
ШЧАПАЦЬ незак. Пра дровы: секчы. Трэба дровы пашчапаць, бо калодкі папілаваныя ўжо месяц ляжаць, скора згніюць.
ЮРГІНЯ ж. Вяргіня. У мяне ўвесь гародчык быў юргіняй засаджаны, усялякія кусты былі – і жоўтыя, і белыя, і філітовыя.
79 👁