Споднікі — кальсоны (РБС-53), споднікі (разм.) — кальсоны (БРС-62).
— Польск. spodnie — 'штаны, кальсоны'; чэшск. spodky — 'райтузы, кальсоны'; укр. (дыял.) сподни — 'штаны' (Шыла, ПЗГ, 553).
Споднія ад спод: спод-н-ія. Параўн. спадняк — 'сподняя палатняная спадніца' (ЛП, 313).
Майткі толькі мн. Слова бытуе з тым самым значэннем, што і споднія, але выкарыстоўваецца галоўным чынам як стылізацыя пад польскую мову. Хавай майткі, а то пан ідзе. Гр.
Майткі — 'штаны' (РБС-53), майткі — абл. 'штаны' (БРС-62). У беларускіх народных гаворках сустракаецца рэдка (гл. ДАБМ, карта 326).
— Польск. majtki — 'панталоны (жаночыя), штаны'. Слова прыйшло ў гаворкі з польскай мовы, у якой яно ад галандскага maat, maatje — 'марак' (Брукн. 319); як старое, слова majtek адзначаецца са значэннем 'марак' (Карл., II, 852).
Кальсоны толькі мн. У кальсонах такі цяплей, як у трусох. Зл.
Слова ўласціва ўсім усходнеславянскім мовам, польскай і інш. Паходзіць з франц. мовы, дзе caleçons — 'кальсоны' — пераафармленне італьянск. calzoni — 'штаны' (споднія) (КЭСРЯ, 139) з лац. calx, calcis — 'пята' (Сл., I, 28).
У гаворкі слова трапіла, відаць, з літаратурнае мовы. Аўтары КЭСРЯ паказваюць на польскае пасрэдніцтва (польск. kalesony) пры запазычанні слова кальсоны рускаю мовай.
77 👁