Старонка 58
◀ / 177 ▶
Курачына ж. Булёну наварыла с курачынаю. Паралельна бытуе і кураціна. Можно, хоць і жывот хворы, кураціны зьзесьці. Ст. С. Курачына — 'кураціна', Глушч. (ДС-59). Найчасцей скарыстоўваецца састаўная назва курачае мяса (курачо мясо). Адсюль і курачына (курач-ына). Петушына (пятушына) ж. Мяса з пеўня. Велькі і сыты пятух быў, много пятушыны зь яго наварылі. Гр. Утворана петушына ад пятух (у гаворках яно бытуе са значэннем літаратурнага певень), суфікс -ін-а: пятуш-ына. Гусячына ж. Мяса з гусі. Гусей трымаць ні хочаш, а гусячыну любіш. От якая ты! Гр. Гусячына мне нісмашна, вадою дае. Ст. С. Паралельна ўжываюцца назвы гусяціна (Зл., Дзяр.), гусячае мяса (гусячо мясо) і гусінае мяса. Гусячына — ад гусячы: гусяч-ына. Гусачына ж. Мяса з гусака. Гэты гусак натто кусьлівы быў, много бегаў — і гусачына худая. Гр. Гусачына ад гусак, суфікс -ын-а. Свініна ж. Слова ўспрымаецца як новае; прыйшло ў гаворкі з літаратурнае мовы. Замест яго скарыстоўваецца ў гаворках састаўная назва свіное мяса (сьвіноё мясо). Сьвіноё мясо варыласё, то і капуста наварылася, смашна. Гр. Утворана слова ад свіння, суфікс -ін-а: свін-іна. Каўбаса ж. Госьць прышоў, пячы, жонка, каўбасу. Яр. Каўбаса і кілбаса — колбаса (БРС-62).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
78 👁
◀ / 177 ▶