Паранае (парано) малако. Яг горло баліць, п'ем парано малако, зь мёдам, з маслам. Гр.
Паранае — ад парыць 'даводзіць да кіпення, кіпяціць'.
Адтопленае (аттопляно) малако. Як сыр робімо, аттопліваям малако, у клінок зьліваям аттопляно малако і яно сьцякая. Ст. С.
Адтопленае — ад адтапіць: адтопл-ен-ае.
Малодзіва (малодзіво) н. 1. Малодзіва. Надайіла малодзіва, ужэ, мусяць, Жучка хутко ацеліцца. Св. 2. Страва з малодзіва, мукі і масла. Смашно малодзіво, еш, сынок! Пл.
Малодзіва — агульнаславянскае слова. Утворана пры дапамозе суфікса -ів-а (параўн. прадзіва, печыва, мліва) ад той асновы, што і старасл. млъзу — 'даю', млъсти 'даіць', параўн. літоўск. milžti — 'даіць' (ЭСРЯ, I, 550; Фасм., II, 644—645).
Малодзіва з ранейшага малозіва<мълзиво. Зычны дз замест з узнік, відаць, пад уплывам польскай мовы, дзе такая з'ява назіраецца часта (параўн. звон і dzwon), хоць узнікненне дз на месцы першапачатковага з магчыма і ў выніку кантамінацыі слоў малозіва і малады (гл. ЭСРЯ, I, 550).
Смятана (сьмятана) ж. Кап сьмятана была, паеў бы з блінцамі. Вар. Гэтым словам абазначаецца смятана як кіслая, так і салодкая.
— Славенск. smetana — 'смятана' і 'смятанка'; балг. сметана — тс., чэшск. smetana — тс.
Часам для дыферэнцыяцыі скарыстоўваюцца састаўныя назвы.
79 👁