Старонка 83
◀ / 359 ▶
ПАДАЯНКА гл. ПАДАЕНКА ПАДБАБАК гл. ПАДАБАБАК ПАДБЕЛЬ м. Падбел. Падбель – гэта маць-і-мачаха. Казімірова Пол. ПАДБІРАЦЦА незак. Упраўляцца па гаспадарцы. Жонка пайшла падбірацца. Тумілавічы Докш. Летам іду падбірацца часоў у дзевяцьдзесяць вечара, а зімой каля шасці, а то і раней, бо цёмна робіцца. Гута Паст. Нядаўна падбіралася ў дворышчы, а сена зноў натраслося. Абруб Глыб., Турлы Паст. Параўн. падрабляцца. ПАДБІЦЦЕ н., ПАДБОЙКА ж. Тое, чым падбіта, падшыта што-н. знізу, з адваротнага боку, падбіўка. Раней падбіцце з хлопку прышывалі. Папкі Міёр. Падбойка нада к крышы, каб дождж па ей сцякаў, а не па хаці. Грышаны Віц. ПАДБІШЧА, ПАСВІШЧА н. Паша. На падбішча ў нас кароў можна выганяць ужо ў апрэле. Абухава В.-Дзв. У нас добрае пасвішча. Яцукі Шум. Параўн. пагонішча. ПАДБОЙКА гл. ПАДБІЦЦЕ ПАДБРУШША н., ПАДБРУШЫНА ж. Ніжняя частка чэрава, падчарэўе. Учора падбрушша капцілі. Мярэцкія Глыб. Падбрушша я ўжо пасаліла. Акунёва Міёр. Падбрушша солім, скручываем, копцім. Свірдуны Паст. Як свінню зарэжаш, на зіму падбрушыну закручвалі. Залессе В.-Дзв., Занькі Леп., Таўкіні Шарк. ПАДБУКРОІЦЬ зак. Падгаварыць. Гэта ж дзед падбукроіў нас у лес схадзіць. Несцераўшчына Докш. Дзіця падбукроіць – многа розуму не трэба. Крыпулі Докш. ПАДБЭЛЬК прысл. Да самага верху. Сена падбэльк наклалі, болей ужо не ўціснуць. Савінічы Сен. ПАДБЯРОЗКА ж. Уюн палявы. Падбярозка ўсё апутала, спасу ад яе няма. Прыпернае Глыб. Уся бульба падбярозкай зарасла. Зарачыцак Докш. ПАДБЯРОЗНІК м. Падбярозавік. Падбярознікі нада чысціць, варыць. Доўжа Віц. Параўн. падабабак. ПАДВАКОННЕ гл. ПАДАКОНАК ПАДВАРАЧЫВАЦЬ незак. Падварочваць, падварушваць. Куды вецер дуіць, туды і сена падварачываюць. Канашы Гар., Баяноўшчына Пол. ПАДВЕС м. Упрыгожанне для ложка, кавалак тканіны, у якім ніжні край абшыты брыжамі ці карункамі; падзор. Амаль усе пасцелі тады падвесамі падшывалі. Барсукі Глыб. Параўн. падзорнік, падузорнік. ПАДВІРАЦЬ незак. Падплятаць. Раней мы лапці падвіралі ільнянымі вяроўкамі. Пушкі Лёзн.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
83 👁
◀ / 359 ▶