ШПУНТ м., перан., экспр. Няўрымслівы, гарэзлівы падлетак. Толькі гэтага шпунта тут не хапала яшчэ, хай дамоў ідзе. Глыб. Параўн. шалудзёнь, шнайда.
ШПЭТНЫ прым. Прыгожы, зграбны, з прыгожай паставай чалавек. Меншая ўнучка такая ўжо шпэтная дзеўка. Паўазер'е Беш.
ШРУН м. Шруба, вінт. Тут большы шрун трэба, гэты не пойдзе. Стайкі Віц.
ШТАКЕТ, ШТАКЕТНІК, ШТЫНКЕТ, ШЧЫКЕТ м. Драўляная агароджа, плот. Вясной нада новы штакет паставіць каля хаты. Бачэйкава Беш. Вазьмі вядро на штакетніку, прынясі вады. Лазоўка Сен. За ноч нехта ўвесь штынкет паламаў. Кублічы Уш. Шчыкет у траву ўрос, тут жа ніхто не жывець. Замошша Сен. Параўн. шчытоўнік.
ШТАПШУК м., экспр. Фізічна моцнае, здаровае, поўнае дзіця. А я такім штапшуком быў у дзецтве! Ула Беш.
ШТОЛЬ займ. Што-небудзь, штосьці, нешта. Можа, вам штоль смачнае даць? Крыпулі Докш.
ШТОРАНЬ прысл. Штораніцы. А я штрорань малака з хлебам наемся і нічога болі не нада. Нямойта Сен.
ШТРАП м. Штраф. Як дадуць штрапу – будзіш знаць. Канашы Гар. У міліцыі добрага штрапу далі за гарэлку. Гаршчэўшчына Тал.
ШТРАФОЎКА, ШТРАХОЎКА ж. Страхоўка. Сёння работніца іхняя па хатах са штрафоўкай ходзіць. Сарокі Глыб. А штрахоўку далі толькі праз месяц. Бачэйкава Беш. А нашто мне тая штрахоўка здалася? Канашы Гар.
ШТЫЛЁК м. Лустачка, кавалачак. Штылёк хлеба быў вялікай рэдкасцю. Ліпаўкі Докш.
ШТЫНКА ж. Адрэз тканіны. Я з дзярэўні многа штынак разных забрала. Верацеі Шарк.
ШТЫРНУЦЬ зак. Штурхануць, адпіхнуць ад сябе кароткім ударам. А ён мяне як штырнуў прікладам, я і паляцела ў канаву. Якубова Рас. Параўн. шкварнуць у 1 знач.
ШУБОЎТНУЦЬ, ШЧУБОЎКНУЦЦА зак. Нырнуць у ваду. Малы з маста шубоўтнуў, забрызгаў усіх. Валосава Тал. Малец з узгорка як шчубоўкнуўся ў раку! Сарочына Уш.
ШУБУНУЦЬ, ШЫБНУЦЬ, Пачаць хутка расці, пайсці ў рост (пра траву, гародніну). Пасля дождку трава па бульбе шубунула. Булахі Глыб. Цёпла стала, агуркі як шыбнулі! Сарокі Глыб.
ШУГАВЕЙКА ж., неадабр. Легкадумная дзяўчына ці жанчына. Гэта ж трэба быць такой шугавейкай! Каўровая Дубр.
ШУКУВАЦЦА незак. Шаптацца, ціха перагаворвацца. Малыя сядзяць удвух, увесь вечар шукуюцца. Булахі Глыб.
79 👁