Ш
ШАБАЛДАХНУЦЦА зак., экспр. Моцна ўдарыцца аб што-н. Унук учора як шабалдахнуўся, дык і цяпер устаць не можаць. Замошша Брасл. Зяць страху раманціраваў, паслізнуўся і шабалдахнуўся на бярвёны. Мішкавічы Шум. Параўн. шмякнуцца.
ШАБАЛТОЎКА ж., груб. Галава. Сядзіць і круціць сваёй шабалтоўкай увесь вечар. Гілі Чаш.
ШАБЕТА ж. Сумка, торба. Сала луста, хлеба кусок, малака бутылка – усё ў шабету пакладзі. Езярышча Гар. Пакладу ў шабету яйка варанае, хлеба, ён і пойдзе на ўвесь дзень у калхоз. Луцік Чаш.
ШАБЛОЎКА ж. Мёрзлая бульба. Усяго ў вайну наеліся, дажэ шаблоўку елі. Ула Беш. Параўн. шаймоква, шайморы ў 1 знач.
ШАБУТНЯ толькі адз., экспр. Гармідар, гоман, бязладдзе. Як унукі прыедуць – дык кажды дзень у хаце шабутня. Ула Беш.
ШАБУТНЫ, ШАБУШНЫ прым., экспр. Гарэзлівы, свавольны. Такіх шабутных ніколі не любіла. Пусташы Пол. Але малец твой дужа шабушны расце. Машчоны Сен. Параўн. шкадны, шухарны.
ШАВАЛЬНІЦА ж. Жанчына, якая снуе кросны. Раней многа было шавальніц, а цяпер ужо няма. Відзы Брасл.
ШАЙДАКА аг., асудж. Чалавек, які злоўжывае алкаголем, вядзе асацыяльны лад жыцця. Думала, на старасць помач будзець, а вырас шайдака. Мішкавічы Шум. Дзяцей у яе забралі, п'ець толькі, шайдака. Гараны Пол. Параўн. шаламок.
ШАЙМОКВА ж. Мёрзлая бульба. Вясной як снег растаіць, дык мы шаймокву збіраем. Абольцы Тал. Параўн. шаблоўка, шайморы ў 1 знач.
ШАЙМОРЫ толькі мн. 1. Перамерзлая бульба, якая праляжала ў зямлі ўсю зіму. Вясной, як толькі снег спадзець, шайморы па полі іскалі. Задуброўе Віц. Параўн. шаблоўка, шаймоква. 2. Аладкі з мёрзлай бульбы. Напячэ матка аладак з мёрзлай бульбы – шайморы зваліся. Вароны Віц.
ШАКАЛАДНІЦА ж., іран. Жанчына, якая гаворыць ці робіць заўсёды нешта прыемнае. Яна ўмее дагадзіць – шакаладніца гэта. Замошша Брасл.
ШАКАЛКІ толькі мн. Адкіды, якія застаюцца пасля прасейвання мукі; смецце. Муку праз рэшата нада прасеіць, а шакалкі – свіням. Сахнавічы Глыб.
ШАКАЎКА ж. Самаробная каўбаса. Самая смачная шакаўка – у сястры маей: і солі, і прыправы ўдосталь. Казімірова Пол. Параўн. шарашэйка.
75 👁