◊ ХАЙ ІХ ПРАНЦЫ ПАРВУЦЬ Праклён, зламыснае пажаданне. Хай іх пранцы парвуць, калі яны яшчэ раз мае грошы возьмуць! Шыбекі Арш.
ХАКАЦЬ незак. Задыхацца, цяжка дыхаць. Што ты хакаеш? Набегаўся? Празарокі Глыб. Пакуль хакаіш, вады не пі, аддыхайся! Канашы Гар., Беразіно Докш.
ХАЛАДАВАЦЬ незак. Адпачываць ў халадку. А яны сабраліся за хатай у цяньку і халадуюць. Коўзаны Паст.
ХАЛЕПА, ХАЛІПА ж., экспр. Надвор'е са снегам і дажджом. Халепа ўсё засланіла: мокры снег так і лепіць. Дварэц Чаш. Як ужо надаела гэтая халіпа, ужо трэцці дзень німа як на вуліцу выйсці! Сахнавічы Глыб.
ХАЛЁНЫ, ХОЛЬНЫ прым. Дагледжаны, які добра выглядае (пра чалавека). Халёнага сабе мужыка нашла. Канашы Гар. Нявеста такая хольная. Езярышча Гар. Толька ў майго дзеда такі конь быў – дужы, высокі, хольны. Мехавое Гар.
ХАЛІПА гл. ХАЛЕПА
ХАЛКАЦЬ незак. Есці. Вольга халкаць пашла, пайду і я за ёй. Празарокі Глыб. Параўн. хамаць.
ХАЛТАМА ж., асудж. 1. Неакуратная, неахайная жанчына. А яна такая ўжо халтама, хоць і дзеўка, страх проста! Лазічы Глыб. Да гэтай халтамы ў хату ні зайсці: гразь – ногі зломіш! Янкі Докш. Усё ў цібе абы-як, халтама! Клясціцы Рас. Ну і халтама ж яна, жонка твая! Мяшкова Тал. 2. Жанчына-пляткарка. А ці ты знаіш, табе абы сказаць, халтама ты! Прошкава Глыб. А ні ты відзіла, а ні ты знаіш, ліш бы языком мянціць, халтама! Псуя Глыб. З-за той халтамы палова двароў перабрахалася! Слабодка Леп.
ХАЛТАМІЦЬ незак. Рабіць што-н., спяшаючыся, абы-як, з памылкамі і недахопамі. Ты ж не халтамі, сядзь, падумай і ўсё ты напішаш, як нада быць. Мазалава Віц., Мурагі Рас.
ХАЛЧЫЦЬ незак. Красці. Працуе ў кладовай, думаіць, што людзі ні знаюць, як яна халчыць. Латышы Глыб.
ХАМАЦЬ незак. Есці. Ды хваціць ужо хамаць! Волкаўшчына Міёр. Пойдзем гэта мы ў хату хамаць. Іванькі Міёр. Параўн. халкаць.
ХАМУЗА ж., зб. Хмызняк. Усё хамузай пазарастала. Аліхверы Паст.
ХАМЭЙДА ж., асудж. Нязграбная, лянівая жанчына. Наша суседка такая хамэйда: цэлае лета гарод не палола. Сваташыцы Дубр.
ХАНАБЫРІЦЦА незак. Фанабэрыцца. Дачка ейная дужа ўжэ ханабыріцца – глядзі, а то замуж ніхто не возьміць. Казловічы Гар. Параўн. хварсёць.
79 👁