УХВАТ м. Злодзей. Гэты ўхват шмат нашкодзіў людзям, але вярнулася яму тое. Лугавыя Віц.
УХЛЁСТЫВАННЕ н. Заляцанне. Ета ўхлёстыванне не надоўга, цераз месяц кончыцца. Веляшковічы Лёзн.
УХОДАЦЬ зак. Завяршыць вялікую, значную працу, перамагчы. Жаць было многа, але да вечара ніву ўходалі. Латышы Глыб.
УХОДЧЫК м. Чалавек, які даглядае на ферме цялят; цялятнік. Дзед мой і бацька былі ўходчыкамі. Таўкіні Шарк.
УЦАГЛЯНЕЦЬ зак. Зрабіцца цвёрдым. Зямля ўцаглянела, нічога не расце. Слабада Шум.
УЦЕРАБІЦЬ зак., экспр. Моцна лінуць (пра дождж). Ну і дождж уцерабіў, спорны, відаць, надоўга. Кацілава Міёр. Параўн. улупіць.
УЦІРАЛЬНІК м., УЦІРКА ж. Ручнік. Там уціральнік беленькі вісіць. Рудабісць Брасл. Уціральнік во чысценькій бяры ды выцірайся. Канашы Гар. Уцірка вісіць на вешалцы. Зубава Арш. Паласкалі ўціркі ў сажалцы. Зябкі Глыб.
УЦЮЖНІК м. Прас. Пагладзь гэту блузку ўцюжнікам. Зачарэўе Міёр.
УЦЯГІ мн. Вяроўкі, якімі ўціскаюць сена на возе. Скарэй нясі ўцягі! Буцавічы Паст.
УЦЯЖКУ прысл. У стане цяжарнасці. Уцяжку пайшла робіць у поле. Заазер'е Пол.
УЧЫНІЦЬ зак. Рашчыніць. А ён якраз гарэлку ўчыніў і паставіў пад яблыню. Белая Ліпа Сен.
УЧЫНЯЦЬ незак. да УЧЫНІЦЬ. Вечарам учыняю цеста. Валосава Тал.
УЧЫЦЕЛЬКА ж. Настаўніца. Унучка мая на ўчыцельку вучыцца. Князі Віц. Гэта ўчыцелька зноў мне двойку паставіла. Абруб Глыб.
УШАЛОПАЦЬ зак., экспр. Узяць, убіць сабе ў галаву. Хлопец сабе ўшалопаў, што яна яшчэ прыедзіць да яго. Хацілы Паст.
УШУРУПІЦЦА зак. Улезці, умяшацца ў якую-н. справу. І тут яна ўшурупілася, і тут ёй нада. Быцава Беш.
УЮН м. Фасоль, якая ўецца. Во сёння ўюн палола. Новае Сяло Тал.
УЮНКА ж. Сцежка, якая мае звілісты напрамак. Глядзі, каб з уюнкі не звярнуць, бо ў траве гадаў поўна. Якубова Рас.
78 👁