УСЯГДЫ прысл. Заўсёды. Я дык усягды так рана снедаю. Бортнікі Глыб.
УСЯДЗЬБІНА ж. Прысядзібны ўчастак. Як жа яны жыць думаюць, ежылі ўсядзьбіну не дагледзюць. Веляшковічы Лёзн.
УСЯДОНЧЫК м. Услончык, зэдлік. На ўсядончыку сядзела бабка. Лужкі Шарк.
УСЯНОЧНАЯ ж., перан. Неспакой, хваляванне на працягу ночы. Зноў мне за вас усяночная. Опса Брасл.
УТАЛОН м. Супакой. Ці будзіць вам, дзеці, калі-небудзь уталон? Барсукі Дубр.
УТАПТЫВАЦЬ незак. Прыніжаць, зневажыць каго-н. Якая была жызня, калі яго ўтаптывалі на кожным шагу. Гарэлікі Лёзн.
УТАРОП м. Вар'ят, дурань. Чаго стаіш, як утароп? Дварышча Шарк.
УТАРПАЧЫЦЬ, УТРАПАЧЫЦЬ зак., экспр. Засунуць, падзець куды-н. што-н. Куды ўжэ маю сцірку ўтарпачыла? Ноўка Гар. Ніяк не магу ўспомніць, куды ўтрапачыла шапку. Камоскі Беш.
УТАЎЧЫСЯ зак. Уладзіцца. Каб даў Бог усё ўтаўклося. Забор'е Сен.
УТРАПАЧЫЦЬ гл. УТАРПАЧЫЦЬ
УТРАПЕНІКІ мн. Бліны з дранай бульбы. Сёння зрабіла ўтрапенікі. Ласіца Паст.
УТРУПІЦЬ зак., экспр. Шмат з'есці. Унук мой пасля танцаў учора ўтрупіў усю калбасу і макароны. Ахрэмаўцы Брасл.
УТУПІЦЦА зак. Спыніцца. Конь утупіўся і стаіць. Ноўка Віц.
УТУРНУЦЬ, УТУРЫЦЬ зак., экспр. Прабудзіць. Кладзіцеся цяперака спаць, а то заўтра рана абедзвюх утурну. Лазічы Глыб. Яго ўтурыла раніцай, каб касіць у сад ішоў. Папшычы Глыб.
УТУТАРЫЦЬ зак. Згубіць. Во ўжо зноў дзесь пугаўку ўтутарыла. Мурагі Рас.
УТЫЛ прысл. Узад, назад. Рукі ўтыл, а нос у неба. Верамееўшчына Дубр.
УФРЫЗОЎКА ж. Завіўка на валасах. Мая суседка (у яе рэдкія валасы) зрабіла ўфрызоўку. Калышкі Лёзн.
УХАДЗІЦЦА зак. Стаміцца. Так за дзень уходзішся, што к вечару ногі не йдуць. Лужасна Віц., Канашы Гар., Марынцы Чаш. Параўн. уматацца.
УХАЖОРНІК м. Кавалер, залётнік. Шмат было ў мяне ўхажорнікаў. Высачаны Лёзн.
УХАЙДОХАЦЬ зак., экспр. Зламаць, разваліць. Такую машыну ўхайдохалі! Дзёрнавічы В.-Дзв., Лужасна Віц.
УХВА ж. Юшка, рыбная поліўка. У каструлі шчэ ёсць трохі ўхвы. Вялікае Сяло Сен.
183 👁