УСТРАВАННЕ н. Умешванне; заступніцтва. Ідзі, без твайго ўстравання абойдзецца. Барсукі Дубр.
УСТРУГАВІНА ж. Сухое месца сярод балота. На ўстругавіне многа ягад. Сухавержжа Міёр.
УСТРЫКНУЦЦА зак. Апячыся (крапівой). Далонь свярбіць – крапівай устрыкнулася. Пашкі Шарк.
УСТУПІЦЦА зак. Абуцца. У што мне хуценька ўступіцца? Муляры Паст.
УСТУПІЦЦА зак. Затупіцца, стаць тупым, нявострым (звычайна пра касу). Нада касу пабіць, уступілася за дзень: вун сколька скасіў. Краснаполле Рас.
УСТУПІЦЬ зак. Затупіць, зрабіць што-н. тупым, нявострым. Цішай ты тут махай, пападзеш па камню і сразу тапор уступіш! Краснаполле Рас.
УСТУПКІ толькі мн. Гумавыя тапкі. Ідучы спраўляцца па хазяйству, маці надзявала ўступкі. Іказнь Брасл. Па гразі не хадзі, абуй мае ўступкі. Альхоўцы Шарк.
УСТУРЫЦЬ зак. Разбудзіць, падняць з ложка. Устурылі мяне сення ў восем часоў. Вярхоўе Беш.
УСТЫЦЬ зак. Надакучыць. Яны мне ўжо так устылі. Чарневічы Глыб.
УСУПЛІВАННЕ н. Пануры, пакрыўджаны выгляд. Я зусім не абрашчаю ўніманія на яго ўсупліванне. Забалацце Арш.
УСХАНАБЭРЫЦЦА зак. Раззлавацца. Ну што ты ўсханабэрыўся? Гарбачэва Рас. Параўн. узліцца, усердзіцца.
УСХОДКІ, УСХОДЦЫ толькі мн. Прыступкі на ганку. Зімой усходкі так абмерзнуць, што і дамоў можаш не папасці. Было цяжка ісці – усходцы былі высокія. Казлоўшчына Паст.
УСЦЁРКА ж., заал. Падлешчык. На гэты раз клюнула ўсцёрка. Свабодная Сен.
УСЦЯЖ прыназ. Уздоўж. Усцяж нашай мяжы цягнецца суседскае поле. Ідоўта Міёр.
УСЧЫНІЦЬ зак. Шчыльна зачыніць (звычайна пра дзверы). Дзверы ўсчыні добра, каб не ляскалі. Слабада Докш.
УСЫПІШЧА н. Ёмістасць вялікіх памераў, прызначаная для гаспадарчых патрэб (звычайна для ссыпання і захоўвання зерня). Таз стары не выкідывай: на ўсыпішча хай будзіць. Лужасна Віц.
УСЫПКА ж. Сып. Усыпка пайшла па ўсяму целу. Слабада Шум.
УСЫПКА ж. Насыпка. Малы не паняў, што нада прынесці ўсыпку і прынёс навалачку. Мікалаёва Міёр.
УСЮДЫХ прысл. Усюды. Усюдых тут ёсць такія людзі. Дабрамыслі Лёзн.
83 👁