СОНБА аг., экспр. Соня, аматар паспаць. Ну, ты, малая, і сонба, пяць часоў днём праспала. Папкі Міёр.
СОНЕНЬКА, СОНЕЧКА, СОННУШКА, СОЎНЕКА, СОЎНІНЬКА, СОЎНІШКА н., памянш. Сонца. Во сянні свеціць соненька! Грабяніца Віц. Сонечка дужа грэіць. Высачаны Лёзн. Тольки соннушка выгляніць – мы ўжо ўстаём і ідзём работаць. Мішуткі Віц. Во ўжо і соўнека показалась, пацяплела на вуліцы. Папшычы Глыб. Закацілася соўнінька, пайду кароўку падаю. Ноўка Віц. Пасцілі кароў, на жаркае соўнішка паглядываючы: калі той абед будзе? Ноўка Віц.
СОНКА ж. Ложак ці калыска для малога дзіцяці. Дзіцё ў сонке калыхалі. Янкавічы Рас.
СОНЧЫЦЬ незак. Цадзіць. Малако сончы ў гэтае вядро, я патом пералью. Усяны Брасл.
СОПУХА ж. 1. Сажа. Даўно ніхто ў коміне сопуху не чысціў. Грышаны Віц., Пачаевічы Чаш. 2. Цяпло, якое ідзе з печы, непрыкрытай засланкай. Сядзь во спіну пагрей каля сопухі. Канашы Гар.
СОПУХА ж. Жэрдка каля печы для прасушвання бялізны. У мяне заўсягды трапкі на сопухі вісяць. Кавалі Глыб.
СОСНА ж. Сасна. Мы на Новы год сосну ставім кожны год. Высачаны Лёзн.
СОСНІК м. Сасоннік. За полем расцець соснік, там і грыбы, і ягады збіраем. Курына Віц.
СОТКІ толькі мн. Агарод, які знаходзіцца далёка ад хаты. Соткі якіі ці ёсь у вас сёліта? Лужасна Віц. Паеду на свае соткі, пагляжу, як жыта адышло. Каты Шарк.
СОЎГАЛА н., груб. Бесклапотны чалавек, які сноўдаецца, бадзяецца ўсюды без справы і заняткаў. Не хлопец, а соўгала нейкае. Замошша Брасл.
СОЎМА ж. Натоўп. Да аўтобуса ўсе соўмай лезуць. Чарневічы Глыб.
СОЎНЕКА, СОЎНІНЬКА, СОЎНІШКА гл. СОНЕНЬКА
СОЧАНЬ гл. САЧАНЬ
СОША ж. Шаша. Глядзіця, астарожна едзьця, як выберацеся на сошу. Лужкі Шарк.
СОШКА ж. Сушылка; прыстасаванне, на якім сушаць сена. Клевер так проста не высушыш: сначала трэба падсушыць, а патом у сошкі скласці – да зімы якраз высахне. Клясціцы Рас.
СОШКА ж. Конаўка, якой наліваюць ваду ў лазні. Падлі ваду тэй сошкай. Суднікі Арш.
СПАВЯДНІЦА ж. Спавядальня. Спецыяльны куток у храме, адведзены для споведзі. Ідзі хуценька спавядацца, пакуль ксёндз са спавядніцы не вышаў. Папшычы Глыб.
82 👁