ПУЧЧА, ПУЧЧО н., зб. Сцёблы раслін. Пучча ў кусты за гарод вынось. Лялеўшчына Гар. Досыць ужо пучча насіць: павяне. Каўровая Дубр. Пуччо хвасолі вісіць у сенях. Весніно В.-Дзв.
ПУШАНІЦА ж. Пшаніца, хлебны злак. У етым годзе, відаць, пушаніца добра ўродзіць: і сушыць, і палівае. Ляды Дубр. Пушаніцу летам зжалі мы яшчэ з бацькам. Сваташыцы Дубр.
ПУШКА ж., памянш. ПУШАЧКА 1. Каробка, невялікая скрынка. У розных пушачках у яе розныя лекі стаяць. Варапаева Паст. Прынясі пушку з фотаздымкамі. Булахі, Верхняе, Чарневічы Глыб. У пушцы іголку вазьмі ды зашый. Расходна Сен. У пушачкі з-пад канфет для малога шмат цікавага было. Вялікія Дольцы, Завыдрына, Кулінава Уш. 2. Пачак (запалак). Ціпер ужо і пушка спічак сто рублёў стоіць. Пагошча Брасл. Пушка спічак на акне валялася ўчора. Дзеркаўшчына Глыб. Дай пушку спічак мне. Перавознікі Паст. 3. Бляшанка. Налей малачка свежага для ката ў пушку. Арэхаўск Арш.
ПУШКА ж. Стрэльба. Помню, як пашлі мы з пушкамі мядзведзя валіць. Язна Міёр. Параўн. прыпяканка, пугач у 1 знач.
ПУШЧАЙ прысл., выш. Горш. Пушчай за яе зяця ні ў кога зяця няма. Мішкавічы Шум.
ПУШЧАЙ часц. Няхай. Пушчай да мяне заўтра прыходзіць. Весніно, Задзежжа В.-Дзв.
ПУШЧЫ м., асудж. Каварны, вераломны чалавек. І нашто мне гэтага пушчага падаслалі? Мазурына Шум.
ПУШЫЦЬ незак., безас. Раздуваць (пра чалавека ці жывёлу). Пушыць карову ад атавы начало. Канашы Гар.
ПХАНАЎКА ж. Вантрабянка. Як свінню заб'ём, пханаўкі ды крывянкі наробім. Сураўні Шум. Параўн. печанёўка, пічанёўка.
ПХНУЦЦА незак., экспр. Павольна ісці, рухацца; прабірацца, прадзірацца. Пхнуліся паціху да магазіна. Цэлы час праз лес ды кусты пхнуліся. Зябкі Глыб.
ПЧАЛІНА толькі адз., ПЧОЛА, ПШЧАЛА, ПШЧОЛА, памянш. ПШЧОЛКА ж. Пчала. У хату пчаліна заліцела. Кулакова Віц. Пчаліна за руку ўкусіла – пайду содай памажу. Казловічы Гар. Ні адной пчаліны на агурках не бачна. Шклянцы Докш. Блізка і не падыходзіў, а ўсё роўна пчаліна ўкусіла. Шклянцы Докш. Пчаліна каля каровы ў хлеве лётала – чуць адагнала. Гастынічы, Дабравольск Тал. Укусіла пчола за ліцо. Багушэўск Сен. У хату пшчала заляцела, дык спужаліся, што пакусае. Баршчоўка Віц., Кавалі, Лашукі, Лынтупы Паст., Багушэўск Сен., Сутокі Шум. Майго бацьку пшчолы як пакусаюць, дык апухае ўвесь. Муляры, Турлы Паст. Пшчолак многа – значыць і ягад многа будзець. Стары Лепель Леп.
84 👁