Пустку на агародзе нечым трэба засадзіць. Выдрэя Лёзн. Дужа многа пустот на агародзе сёлета. Селішча Леп. Дрэнна бульба на агародзе ўзышла – адно пустэчча, куды ні глянь. Гарэлькі Дубр. Параўн. плям, прагала, пралёт, праплёшына.
ПУСТЛА ж., зб. Пустазелле, якое застаецца пасля ачысткі (прасейвання) збожжа. Адна пустла, а не ячмень! Шарагі Міёр.
ПУСТОША ж. Просека. На пустошы многа апят нашла. Кузняцова Віц. Параўн. прагалец, прарэх, прачос, пролабка.
ПУСТУНЯ ж. Пустая, неўрадлівая глеба. Нічога расці не хоча: пустуня там. Воўкаўшчына Глыб. Параўн. пясчура, пясчына.
ПУСТЫ прым. Бяздзетны. Пустому цяжка жыць, у старасці няма вады каму падаць. Язна Міёр.
ПУСТЫШКА гл. ПУСТАЧ
ПУСТЭЛЬ м. Халодны цагляны будынак, памяшканне. Ну што гэта за дамы робяць, пустэлі нейкія, а не кватэры! Таўкіні Шарк.
ПУСТЭЛЬНІК м. Балбатун, пустаслоў, пляткар. Твой брат такі пустэльнік, лепш бы ўжо маўчаў. Серкавіцы Тал.
ПУСТЭЧЧА гл. ПУСТКА
ПУСЦЫ мн. Галёнкі. І чаго гэта так пусцы разныліся? Каўровая Дубр.
ПУСЬ часц. Няхай. Пусь ён тады зойдзе сёння. Вялікае Лёзн.
ПУТА аг., лаянк. 1. Непаслухмяны, незгаворлівы чалавек. Пута ты, а не малец: не згаворыцца з табой ніхто. Гарбачэва Рас. Параўн. пракуда ў 2 знач., праява. 2. Неадукаваны, нявыхаваны, распусны чалавек. Во дык кавалера адхваціла ўнучачка: пута нейкае. Канашы Гар. Пута ты, хоць і ў школу дзесяць гадоў адхадзіў. Вялікая Пярэспа Сен.
ПУТНОЕ н. Карыснае, якое прыносіць карысць. Зрабіў бы лепш што-небудзь путное па дому, чым прападаць абы-дзе. Каўровая Дубр.
ПУТНЫ прым. Добры, умелы, старанны, здольны. Путны хлопец вырас. Кавалі Гар.
ПУТРА ж. 1. Каша. Зрабі агонь меншы, а то путра збяжыць. Дрысвяты Брасл. З'ешце хоць путры з грэчкі. Барсукі В.-Дзв. Путру прыпраўляю – і ў печ, а як упарыцца, тады жоўценькая становіцца. Ласкаўшчына Глыб. Путра ў бабулі заўсёды смачная выходзіла, хапала і масла, і солі. Мікуліна Глыб., Мікалаёва Міёр. 2. Хлебны квас, солад. Мама з хлебных корак, бывала, путру рабіла – пілі ўсе з удавольствіем. Кавалі Глыб. Даўней пасты пасцілі, дык якую перапечку з путрай з'ясі – і ходзіш так. Койры Паст.
ПУТРАНЫ прым. Густы крупяны суп. Суп путраны есці будзеце? Валынцы В.-Дзв.
ПУХ м., ПУХА ж. Тупы канец яйка. У яйца ёсць нос, а тупы канец у нас пух называюць. Вяцера Чаш. Давай пойдзем на байца, дзяржы пуху, а я носам біць буду. Моханава В.-Дзв.
75 👁