ПРАРІЗІНКІ, ПРЫРЫЗІНКІ, ПРАРЭЗІНКІ мн. Кеды, гумавыя тапкі. У прарізінках, бувала, на танцы хадзілі. Канашы Гар. Прырызінкі былі, як цяпер джынсавыя тапкі. Абруб Глыб. Вазьмі во адзень прарэзінкі, ато ногі замочыш. Паўазер'е Беш.
ПРАРЫЗІНКА ж. Праслойка, слой мяса ў сале. Сала з прарызінкай жарыць. Бондарава Шум.
ПРАРЭЗІНКІ гл. ПРАРІЗІНКІ
ПРАРЯДЗІЦЬ зак. Прарэдзіць. Моркву ўчору прарядзіла. Канашы Гар.
ПРАРЭХ м., ПРАРЭХА ж. 1. Неўзараны кавалак поля пасярод раллі. Во прарэхаў нарабіў! Лескавічы Шум. 2. Не зарослае дрэвамі ці кустамі месца ў лесе. Як у лес зойдзеш, направа звярні, і прарэха там скора будзе. Ластавічы Глыб. Параўн. прагалец, прачос, пустоша.
ПРАСВЕТ м., ПРАСВЯТЛАСЦЬ ж. 1. Прасвет, радасць, шчасце ў жыцці. Ні з вайны, ні ціперь ніякага прасвету німа. Канашы Гар. Няма ёй ніякай прасвятласці, усё робіць і робіць. Ласкаўшчына Глыб. 2. ПРАСВЕТ Канец. Усё работа і работа, прасвету ёй німа. Лужасна Віц.
ПРАСІДАЦЕЛЬ, ПРІСІДАЦІЛЬ, ПРЫСЯДАЦЕЛЬ, ПРЭСІДАЦЕЛЬ м. Старшыня калгаса. Прасідацель у нас харошы. Заазер'е Тал. Надумалісь каго прісідацілім паставіць – мальчышку нейкага. Бачэйкава Беш. Прісідацілім агранома выбралі. Казловічы Гар. Прысядацель дужа строгі ў нас у калхозе. Жарцы Пол. Прэсідацель цяпер да нас у Крыпулі пераехаў жыць. Крыпулі Докш. Прэсідацель на машыне на поле ездзіць. Дэмскія Міёр.
ПРАСНІК м. Прас. Праснік мой цяжкі дужа, стары ўжо, а працуе спраўна. Халмы Арш.
ПРАСНУШКА ж. Праснак, тоўсты блін з прэснага цеста. Зранку мама праснушкі пякла часта. Міхалова Чаш. Параўн. прэсняк.
ПРАСОЛ м. Запас, тое, што назапашана, сабрана з пэўнымі мэтамі. Што ў прасол дзяржаць, пара збываць многае. Ноўка Віц.
ПРАСТАКІША ж. Прастакваша, кіслае малако. Добра, як кароўка ёсць: і малачко сваё, і прастакіша, і смятанка. Ахрэмаўцы Брасл., Краснаполле Рас. Налей прастакішы з сабой на сена. Ёды Шарк. Нада бліноў напячы з прастакішы. Яўцерашкі Міёр., Ухлё Чаш. Параўн. пракісеня.
ПРАСТАМОЛКА ж. Пытляванка, пытляваная мука. Прастамолку яшчэ цёплую ў мяхі сыпалі. Шаркаўшчына. Параўн. пятлёўка.
ПРАСТАЎЛЯЦЦА незак. Наладжваць частаванне з гарэлкай з нагоды якой-н. падзеі. Калі ўжо прастаўляцца будзеш? А то месяц ужо як сын нарадзіўся. Мікалаёва Міёр.
78 👁