МАЛАВУМСТВЕННА прысл. Безразважна, неабдумана. Каб падумаў, дык так бы малавумственна не здзелаў, не смяшыў бы людзей. Ляхаўка Дубр.
МАЛАДЗЁНЕЦ, МАЛАДЗЁН, МАЛАДЗЁНАК, МАЛАДЗІК, МАЛАДЗЯН м. 1. Жаніх. Гляньце, бабы, маладзёнец едзе да нашай Ганулькі. Моханава В.-Дзв. Маладуха красівая, а маладзёнец дрэнь. Пугачова Докш. А той маладзён прапівае цешчы грошы. Кветча Леп. Любы маладзёнак хвалюецца перад вяселлем. Косарава Глыб. Маладзік з маладухай ужо прыехалі. Мілашкі Брасл., Станіславова Дубр. Маладзян не стаў са мной вітацца нешта пасля вяселля. Янава Тал. 2. МАЛАДЗЁНЕЦ Малады мужчына. Як Мікіта быў маладзёнцам, дык спраўны быў мужчына, відны. Угрынкі Уш., Замачак Чаш.
МАЛАДЗЁЖ м., зб. Моладзь. Мала засталося на сяле маладзёжу. Узмёны Міёр.
МАЛАДЗЁН, МАЛАДЗЁНАК, МАЛАДЗІК, МАЛАДЗЯН гл. МАЛАДЗЁНЕЦ
МАЛАДОВАЧКА ж. Нявеста, маладая, дзяўчына падчас вяселля. А дзеўкі ўсе й гаваруць: "А сабірайся, маладовачка, у дарогу". Кветча Леп.
МАЛАДЭЛЯ ж. Маладая незамужняя дзяўчына. А маладэля гэная нічога сама рабіць не ўмее. Іванск Чаш.
МАЛАННЯ, МАЛАНЯ ж. Маланка. Малання як дала ў дрэва! Заточча В.-Дзв., Канашы Гар. Маланя сёння была яшчэ большая, чым учора. Старыя Крукі Міёр., Угрынкі Уш. Маланя страшна сячэць. Ідоўта Міёр.
МАЛАСОЛКІ мн., МАЛАСОЛЬНІК м. Мала, злёгку прасоленыя агуркі. Якія ж у вас смашныя маласолкі! Дзяйкі, Лужасна Віц. Зараз маласольнік к бульбе дастану. Ваўкалата Докш.
МАЛЕЗНЫ прым. Вельмі малы. Траўка на гародзе яшчэ малезная - не вырвеш. Абухава Беш.
МАЛЕЦ, МАЛІЦ м. 1. Хлопчык. Малец у іх нарадзіўся. Барсукі В.-Дзв. 2. Хлопец, юнак. Прывозіў малец нейкі муку, дык усе куплялі. Задроўе Арш. Нічога, мальцы маладыя - усё асіляць. Галубава, Лісна В.-Дзв., Вусава Глыб., Стары Лепель Леп., Гута Паст., Рудня Пол., Гаршчэўшчына Тал., Шыці Шарк. Глянь во, якей маліц вымахаў! Ноўка Гар., Янкі Докш. Усе мальцы ў горад выехалі, адны бабы ў вёсцы асталіся. Угрынкі Уш. Маліц у Любы дужа прыгожы. Іванск Чаш.
МАЛІЗА ж. Меліса, травяністая меданосная расліна сямейства губакветных з жоўтымі кветкамі і лімонным пахам. Спрытна маліза ў гародчыку ўзялася. Павулле Уш.
91 👁