ПОТАРЧ прысл. Дагары нагамі. Гляджу, а ён стаіць каля сцяны потарч – на галаве стаіць. Лужкі Шарк. Параўн. побак, пораўні.
ПОТАЧ прысл. Побач, адзін каля аднаго, паблізу. Сядайце потач. Параўн. побак у 1 знач., пораўні.
ПОТРУХ м. Пацяруха ад сена. Потрух выкарыстоўваюць на посцілку жывёле. Папоўка Сен. Параўн. пелюха ў 2 знач.
ПОТС аг., асудж. Гультай, лодар. Такі потс палец аб палец не ўдарыць. Крыпулі Докш.
ПОТЧЫЦЬ незак. Частаваць. Мёдам буду вас потчыць, і з сабой крыху возьміце. Белая Ліпа Сен.
ПОЎЗЕНЬ м. Вуж. У нас вялізны поўзень пад ганкам жыве. Янкавічы Рас.
ПОЎЗКІ прым. Паўзучы, які сцелецца або чапляецца за што-н. Глянь, які яна поўзкі цвет вырасціла, усё акно заплёў. Навумаўка Беш.
ПОЎНАТА ж. Поўня, фаза Месяца, калі бачны ўвесь яго дыск. Агуркі ніхто не садзіць у поўнату. Далёкія Брасл. Як поўната, у нас светла на двары, хоць іголкі збірай. Моханава, Нурава В.-Дзв., Бараны, Завараты Глыб., Дрыгучы, Манякова, Снегі Міёр., Варапаева, Камаі, Муляры Паст.
ПОЎНАЯ прым. Цяжарная. Нявестка яе чуць ішла: поўная, народзіць скора. Ульянавічы Сен. Параўн. палажніца, пузата.
ПОЎНІЦЬ незак. Памятаць. Не поўню я такога случая. Канашы Гар. Даўно было, але раскажу, што поўню. Галбея Паст.
ПОЎРАЗЬ ж. Вяроўка. Поўразь старая, нікуды не гадзіцца. Кругляны Сен.
ПОЎСТКА ж., памянш. Поўсць, шэрстка. Кошачку мне ўнукі той раз з гораду з доўгай поўсткай прывязлі. Багатырская Пол.
ПОХАЦЦА незак. Бегаць, мітусіцца. Чаго ты похаешся тудысюды? Воўкаўшчына Міёр.
ПОХНУЦЬ незак. Пухнуць, апухаць. У вайну ад голаду похлі. Канашы Гар. Як ногі похнуць ці рукі, трэба піць во гэту настойку. Галі Беш., Дэмскія Міёр.
ПОЦЕСЬ ж. Самапралка. Поцесь раней амаль у кожнай хаці была. Равяцічы Тал. Параўн. прадзільна, праліца, прядзілка.
ПОЧАРАК м. Почырк. Добры почарак у цябе, панятны! Мельніца Шарк.
ПОЧЫТ м. Грубка. У вас печка ці почыт у той хаце? Лісуны Арш.
ПОШАР м. Сена. Сёлета пошару ўволю было. Валожанкі Шарк. Трымаў бы скаціну і далей, але пошару няма. Воўкаўшчына Глыб., Драгуны Міёр., Муляры Паст., Пашкі Шарк.
88 👁