Сасноўка, Шклянцы Докш., Князі Віц., Верамееўшчына Дубр., Бор Леп., Высачаны Лёзн., Вісяты Міёр., Нямойта Сен., Варапаева, Вярэнькі, Лашукі, Лынтупы, Турлы Паст., Забор'е Рас., Акцябрскі, Замачак Чаш. Параўн. лабэйза, лакіза, лапіза.
ЛАЦНО прысл. і безас.-прэдык. слова. Добра. Лацно табе жывецца. Ляхаўшчына Паст. Цяпер лацно жыць, не як раньш. Старое Сяло Уш. Параўн. латва, лепна.
ЛАШЧЫНА ж. 1. Нізіна сярод адхонных схілаў. У гэтай лашчыне нічога не расце. Ноўка Гар. 2. Лужына. Лашчына з-за дажджоў вялікая стаіць. Залезла ў лашчыну, дык чуць вылезла. Казімірова Пол.
ЛЕВАРУКІ прым. Які валодае левай рукой лепш, чым правай. Мой брат леварукі, і піша леваю. Антаполле Чаш.
ЛЕВАРУЧ прысл. Злева, па левую руку, па левы бок. Леваруч вёскі рэчка бяжыць. Дубоўка Пол. Сядзь леваруч ад бацькі. Выдрэя Лёзн., Матырына Уш.
ЛЕВУШНЯ гл. ЛЯЎШАЙ
ЛЕВЫ прым. Вываратны, сподні. Чаго майку на левы бок надзеў? Варапаева Паст.
ЛЕГЦІ зак. Легчы. Мне трэба было б тут легці. Петрашы Тал.
ЛЕГЧЫЦЬ незак. Кастрыраваць. Легчыць ужо кабанчыка трэба. Папоўка Сен.
ЛЕДАВІК м. Ільдзіна. Як паводка, то столькі ледавікоў на возеры. Ахрэмаўцы Брасл.
ЛЕДАВІК, ЛЯДНІК м., бат. Грыб падбярозавік. Пэўна, ужо ледавікі пайшлі. Дворышча Леп. Ледавікі ў нас цэняцца, смашныя грыбы. Старое Лядна Леп. Пашці на сцежцы сядзеў чорнагаловы ляднік. Старыя Лаўкі Чаш. Кожнае лета бяром леднікі, казлы, белыя грыбы. Велеўшчына Леп. Многа леднікоў пападалася сённі. Малыя Пышнагоры Леп.
ЛЕДЗІШЧА н., толькі адз. Лёд на рацэ, возеры. На ледзішча зімой на рыбалку ходзім. Янкавічы Рас.
ЛЕДЗЯНУШКА, ЛЯДЗЯШКА ж. Ледзянец. Ледзянушкі купляю к чаю. Даўгаполле Гар. Купі лядзяшак, хоць у році пасалажу. Вадзянікі Гар.
ЛЕЖАНЬ м., заал. Галец; невялічкая прэснаводная рыба з тонкай скурай без лускі. Лежань – рыба пашці з голым целам, бураватага колеру. Лежань каля дна плавае. Заборцы Докш.
ЛЕЖБІШЧА н., адз. Сцелішча. На лежбішчы лён паслалі. Задоры Леп.
86 👁