ЗВЕСТКА ж. Вочап. Калодзеж закрыты, няма звесткі на вядры. Дукоўшчына Беш.
ЗВЕСЦЬ ж. Вестка, навіна. Добрую звесць нам прынесла. Гута Паст.
ЗВІЦЦА зак. Быць п'яным, напіцца. Вун стары па траве качаецца, звіўся. Дзёрнавічы В.-Дзв.
ЗВОД м. ЗВОДЫ мн. Няпраўда, плётка, хлусня. Гэта, што яна кажа, усё звод. Красніца Чаш. Цэлы дзень яна толькі зводы носіць. Жабыкі Дубр.
ЗВОЧЫЦЬ зак. Сурочыць. Што з табой? Можа звочыў хто? Расходна Сен.
ЗВЯДЗЕННЕ н., толькі адз., абрад. Заручыны. Былі сёння на звядзенні. Езярышча Гар. Параўн. змовіны.
ЗГАРКІ мн. Прыгаркі, прыгарэлая бульба. Са згарак кашы не натаўчэш. Пугачова Докш.
ЗГАРОДА ж. Агароджа. Згароду мой гаспадар збудаваў, каб ніхто не краў. Амбросавічы Шум.
ЗГАРОДА аг., экспр. Няўклюда. Такая згарода ўдалася, глядзець няма на што. Чарнаручча Лёзн.
ЗГАРТАЦЬ зак. Скласці сена ў стог. Трэба хутчэй сена згартаць, бо дождж будзе. Шухаўцы Дубр.
ЗГАРЭЦЦА зак. Згарэць, сапсавацца, стаць непрыгодным у выніку моцнага перагрэву. Калі капешку добра не накрыеш, то сена згарыцца. Храпакі Віц.
ЗГЕЛК м., толькі адз. Шум, вэрхал. Вакол такі згелк стаіць. Пачаевічы Чаш.
ЗГІРДЗІЦЦА зак. Пажухнуць, засохнуць. Кветкі мае згірдзіліся на сонцы. Ліпаўкі Докш.
ЗГРАБА ж. Невялікі стог сена. Зграбы, паглядзі, напалову разнесеныя ветрам. Кушталі Шарк.
ЗГРЭБАЧ м. Крук для раскідвання гною. Ты згрэбачам паспрабуй. Старое Лядна Леп.
ЗГРЭБІНЫ толькі мн. Дробная салома пасля малацьбы. Трэба згрэбіны пазносіць да хлеву. Дубровы В.-Дзв.
ЗДАЛІЗАВАЦЬ зак. Здратаваць, патаптаць (пасевы). Карова ўсе буракі здалізавала. Сарокі Глыб.
ЗДАНЦЫ толькі мн. Здань, прывід. Як напіўся, дык зданцы нейкія з'явіліся. Зубава Арш.
ЗДАЎШНЫ прым. Даўнейшы, ранейшы. У здаўшныя часы ўсё было іначай. Чарневічы Глыб.
ЗДЗЕЧА ж. Здзек. Гэта была такая здзеча з людзей. Абольцы Тал.
80 👁