Старонка 208
◀ / 305 ▶
ЗАТОХНУЦЦА зак. Задыхнуцца. Затохнуцца ў гэтым смрадзе можна было. Селішча Гар. Што ты закруціла так рябёнка з галавой, ён жа затохніцца. Задуброўе Віц. Я думаў, ён там ужо затохнуўся. Старое Лядна Леп. Параўн. захлупіцца. ЗАТРАХНУЦЦА зак. Зваліцца, упасці з вышыні. Куды ты палез? Затрахнешся! Бігосава В.-Дзв. ЗАТУЛА ж. Рыбацкае адзенне. Даўней у бацькі майго затула была. Запруддзе Глыб. У мяне асталася бацькава затула, хоць і рваная, на рыбу хадзіць. Слабада Дубр. ЗАТУПАЦЦА гл. ЗАТОПАЦЦА ЗАТУТАРЫЦЬ зак., экспр. Схаваць. Усю галоўку скруціла, думаючы, дзе ж ён грошы затутарыў. Клясціцы Рас. ЗАТЫКАЛЬНІК м. Невялікі драўляны прут з кавалкам палатна для пачатку ткання. Вунь на стале ляжыць затыкальнік, падай мне яго. Матырына Леп. ЗАЎНІВІЧ прысл. Марна, без карысці. Нявестка беражлівая такая: у яе ўжо нічога заўнівіч не пойдзе. Труды Пол. ЗАЎЧАРА, ЗАЎЧАРЫХ прысл. Заўчора. Зяць прыязджаў заўчара. Варашылы Сен. Доўга гулялі заўчарых. Баравуха Пол. ЗАЎША прысл. Заўсёды. Ты заўша ходзіш там? Кулінава Уш. ЗАФУНДАВАЦЬ зак. Заплаціць за працу. Цяперака, калі зафундуеш, дык табе ўсё зробяць. Лынтупы Паст. ЗАХАБАВІНА ж. Затока. Захабавіна ад возера не прамая, а заходзіць у сторану. Лісна В.-Дзв. ЗАХАКАЦЦА зак. Задыхацца. Троху прайду і захакаюся, дыхання запіраіць. Ляхаўка Дубр. ЗАХВАТ м. Улоў. Добры сёння захват. Ушачы. ЗАХВІЦОНЫ прым. Неўраўнаважаны. Дзяўчына ні дурная, да захвіцоная. Камень Леп. ЗАХВОТА ж. Хвароба. Каб якую захвоту не падхваціць. Чачанева Тал. ЗАХЛЕЎЕ н. Месца за хлявом. Агародамі, па захлеўю прабіраўся. Абруб Глыб. ЗАХЛЁБНІК м. П'яніца. Не ведаю, як сястра свайго мужыка цярпела. Ён жа такі захлёбнік. Крыпулі Докш. Наш сусед такі захлёбнік, прапойца сапраўдны. Шарагі Міёр. ЗАХЛУПІЦЦА зак. Задыхнуцца. Ён бросіўся ў дом, але ўжо ў комнатах было столькі дыму, што можна было захлупіцца. Пліса Глыб. У склепе было столькі дыму, што захлупіцца можна. Параўн. затохнуцца. ЗАХОДАЦЦА зак. Стаміцца. Я зусім сёння заходаўся. Бароўка Леп. Параўн. заматузіцца, заталызгацца, затаптацца, затопацца, затупацца, зацёпацца, зацюхацца.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
80 👁
◀ / 305 ▶