ЗАПНУЦЦА зак. Прыкрыцца чым-небудзь. Запніся чым-небудзь, а то новую сукенку збадзяеш. Новы Двор В.-Дзв.
ЗАПНЯК м. Вытаптанае, спляжанае месца ў агародзе, на полі. Запняк быў выбіты ўшчэнт. Залясінкі Шарк. Запняк ужо прапаў. Шарагі Міёр.
ЗАПОМНІЦЬ зак. Забыць. А я і запомніў, што сёння мая чарга. Пузавічы Брасл. Параўн. запамятаваць.
ЗАПОНКА ж. Занавеска. Завесь, унучачка, запонку, бо невабна. Замхава Глыб.
ЗАПРАЎДАШНІ прым. Сапраўдны. Глядзі, во які запраўдашні пісталет. Кублічы Уш.
ЗАПРОСІНЫ мн. Запрашэнне. Разам з пісьмом пасылаю і запросіны на нашае вяселле. Іванск Чаш.
ЗАПУДЗІЦЬ зак. Запужаць, запалохаць. Запудзілі дзіцянё Баем. Чашнікі.
ЗАПУСКАЦЬ незак. Давязваць пэўны выраб з нітак. Калі добра табе рукавіца, то буду запускаць. Цешылава Паст. Даўжыні хваціць, буду запускаць насок. Янкі Докш.
ЗАПЭЛХАЦЬ зак. Запэцкаць, забрудзіць. Работнічак, запэлхаў новыя штаны! Сарокі Глыб. Параўн. заганзаць, закёўзаць, збадзяць у 1 знач.
ЗАПЯТАК м. Каблук, абцас. У туфлях запятак паламаўся. Проземля Чаш.
ЗАРА прысл. Зараз, неадкладна. Зара дочка прыдзіць, тады вячэраць будзім. Дукелі Брасл. Зара трэба ісці ў магазін, а патом і пагаварым. Мельніца Шарк. Зара пойдзем, пачакай шчэ! Суша Леп.
ЗАРАЗАЦЬ незак. Кусаць бесперапынна (пра мух, аваднёў). Авадні заразаюць кароў так, што яны нідзе месца сабе не находзюць. Выхадцы Лёзн.
ЗАРАННЯ прысл. Рана. Бацька сёння зарання ўстаў і пайшоў у грыбы. Більдзюгі Шарк. Што ты ўстаў зарання? Капланы Сен.
ЗАРАСНІ толькі мн. Зараснік. Якія зарасні ў лесе: і кусты, і трава па пояс. Ніякіх грыбоў у зараснях не знойдзеш. Паглядзі ў бярэзніку лепш. Горы Рас.
ЗАРОД м. Стог. Мы падагналі табун да ракі, а даяркі яшчэ складвалі сена ў зарод. Гілі Чаш.
ЗАРУБІНА ж. Гадавое кольца на розе ў каровы. Мая карова маладая, у яе чатыры зарубіны на рагу. Ёй усяго чатыры гады. Задуброўе Віц.
ЗАРУШЫЦЬ зак. Зачапіць, патурбаваць. Парсюкі папужаліся, а ваўкі не зарушылі свіней. Ухлё Чаш.
79 👁