Старонка 154
◀ / 305 ▶
ГЛШУЎКІ гл. ГАЛЮШОВІКІ ГЛІЯНІК м. Глінішча; месца здабычы гліны. Цяпер на тым месцы гліянік. Лескавічы Шум. ГЛОСНА прысл. Голасна, гучна. Як твая жонка глосна пяець – люба-дорага паслухаць. Гараўцы Міёр. ГЛУБ м. Інфекцыйная ранка, што ўзнікла ад стрэмкі. Складвала дровы, засадзіла дзерава, вот і абразаваўся глуб ад інфекцыі. Вусава Глыб. ГЛУБЧАЙ прысл., выш. Глыбей. У гэтым новым калодзецы глубчай, чым у старым. Селішча Уш. ГЛУМА, памянш.-ласк. ГЛУМАЧКА аг., неадабр. Недалёкі, разумова абмежаваны чалавек. Глума, што ты робіш? Саўсім вума няма? Баева Дубр. Глумачка ты, глумачка, ні ўзяў ён тваю дачку і ня возьміць: у яго саўсім другое на ўме. Ляхаўка Дубр. Параўн. голда, грамазда ў 1 знач., грак. ГЛУМБЫ мн. Абутак на драўлянай падэшве. Раней на глумбах хадзілі. Камайск Докш. ГЛУМНЫ прым. Неразумны, дурны. Брат мой глумны, бо вучыцца ня хочыць. Луцік Чаш. Навошта табе гэты глумны чылавек? Пушкі Лёзн., Хоціна Беш., Каралі Сен., Наваселле Уш., Мішкавічы Шум. ГЛУНДЗІЦЬ незак. Гаварыць неразумнае, займацца пустымі размовамі. Да не глундзі ты ўсялякую ерунду -- непрыятна. Весніно В.-Дзв. Параўн. гарзоліць. ГЛУХАМАНЬ гл. ГЛУШАК ГЛУХАНДЗЯ гл. ГЛУШАК ГЛУХЕЙ прым. Глухі, густы, цёмны, непраходны. Наш лес хоць і глухей, але ж там нікога не водзіцца: пара вавёрак і зайцаў. Колпіна Сен. ГЛУХЕЯ ж., міф. Хвароба, выкліканая чараваннем; глухата. Па зайздросці можа хто такое навесці: і сыпуту, і глухею. Ноўка Віц. ГЛУШАК, ГЛУШМАН м., ГЛУШМЕНЬ, ГЛУШМАНЬ, ГЛУХАМАНЬ, ГЛУШНЯ, ГЛУХНЯ, ГЛУХАНДЗЯ аг., экспр. Глухі чалавек. Мой сусед Сцяпан – глушак. Задоры Леп. Той дзед – глушман, гавары грамчэй. Празарокі, Кавалі Глыб., Сабалі Чаш., Більдзюгі Шарк. Ну, ты і глушмень: крычы ні крычы – не дазавешся. Новыя Валосавічы Леп. Мы цябе звалі, а ты, глушмань, ні адзывалася. Моханава В.-Дзв. Глухамань ты! Як ні звалі, так і не пачуў. Буды Шарк. Дзед твой ні чуіць – глушня. Белая Ліпа Сен., Іванск Чаш. Ну, ты і глухня: не пачуў машыну пад вакном. Шыбекі Арш., Стасева Лёзн. Ты глухандзя, колькі табе крычаць! Гваздова Пол.
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
83 👁
◀ / 305 ▶