ВІЧАРЫНА ж. Вячэрняя гулянка з музыкай і танцамі. Змаруся, а на вічарыну іду – а як хто майго чарта там ухопіць. Макаравічы Докш.
ВІЧКА ж., бат. Мышыны гарох; расліна, якая абвівае суседнія расліны, мае сінія кветкі. Вічка ўвесь ячмень спляла. Баруны Брасл., Надазер'е Глыб., Манякова, Мнюкі Міёр., Буды Шарк.
ВІША, ВІШ ж., ВІШАР м. Няскошаная на зіму трава. Шалясціць віша на балотах. Евіна Гар. Віш – гэта няскошаная трава. Дыманова Віц., Багданава, Латыгаль Сен. Вішар скора будзе ў рост чалавека. Обаль Шум. Када касцы ня скосяць траву, то мы яе называем вішар. Ског Сен., Дуброва Шум.
ВІШМО, ВІШНО, ВІШШО н., зб. Галлё, вецце. На венікі вішмо дужа добрае, візаць січас будзем. Жыгалава Віц. Вішно добра гнецца, венікі зраблю. Абруб Глыб. Наламала вішшо на венік. Труды Пол., Сяляўшчына Рас. Параўн. віццё.
ВІШНЁЎКА ж., заал. Івалга. Вішнёўкі дужа любяць нашыя мясціны. Новы Пагост Міёр.
ВІШНО гл. ВІШМО
ВІШНІЦА ж. Вішня. Сёлета вішніцы аж да зямлі гнуцца – уражай, нічога не скажыш. Селішча Арш.
ВІШШО гл. ВІШМО
ВІШЫЦЬ незак. Ставіць вехі. Зімой вішым дарогу праз азяро. Вялікае Сяло В.-Дзв.
ВІШЭЦЬ незак. Сохнуць. На пакосе вішэе трава: дажджу німа. Вула Беш., Дуброва Шум.
ВІХ м. Вывіх. Андрэй хадзіць не можа -- віх у яго. Заазер'е Пол.
ВІХЛЯШ м. Разрэз. У мяне юбка с віхляшом. Мельніца Шарк.
ВІХРОВІШЧА н. Адкрытае ўзвышанае месца; пясчаны бугор. Мы стаім на віхровішчы. Мікалаенкі Гар.
ВОБАК прысл. Побач. Мы йшлі вобак. Абруб Глыб.
ВОБАЛКА н., ВОБЛАК м. Воблака. З аднаго невялікага вобалка столькі дажджу. Заполле Тал. Воблак сонца закрыў. Кугоні Уш.
ВОБАРАТНІК м., бат. Падарожнік. Так высах у печы вобаратнік. Лекуе добра. Нямойта Сен.
ВОБЕРАЦЬ ж. Луста. Намаж мне на вобераць масла. Барсукі В.-Дзв. А галодны ж прышоў – цэлую вобераць хлеба з салам з'еў! Гарадзец Шарк.
ВОБЛІЎ м. Галалёдзіца. Вобліў на дварэ. Барсукі Дубр.
78 👁