БЯРНО н., БЁРНА, БЁРНЫ мн. Бервяно, бярвёны. Тое бярно пойдзе на дошкі. Бортнікі Глыб. Сядзь на бярно, аддыхайся. Каміншчына Глыб. Глядзі, каб бярно не скацілася. Хілаўшчына Докш. Гэта бярно дзед прывёз для пабудовы маста. Несцераўшчына Докш. Ля хаты ляжыць бярно, трэба было б яго разрэзаць. Папшулі Міёр. Бярно вязлі на хату. Анкуды Паст. Бярно паплыло па рэчцы. Полымя Сен. Памажы мне адцягнуць гэтае бярно. Лукомль Чаш. Бёрна на сабе насілі. Стар Лёзн. Бёрны вон стаяць каля сарая. Бігосава В.-Дзв. Нашто яны палажылі тут еты бёрны? Глоданкі Лёзн. Бёрны мальцы цягаюць на гару. Гомель Пол. Параўн. бэрва.
о БЯРОЗА ВЯСЁЛКА ж., бат. Бяроза без шышак. З бярозы вясёлкі робяць венікі ў баню. Слабада Шум.
о БЯРОЗА ГЛУХАЯ ж., бат. Бяроза з шышкамі. У глухэй бярозы кара гладзейшая, чым у вясёлкі. Слабада Шум.
БЯРУН м. Воўк, які нападае на свойскую жывёлу. Ноччу зноў прыходзіў бярун – забраў авечку. Лёзна.
БЯРУШНІК м., часцей мн. БЯРУШНІКІ бат. Падбярозавік. Бярушнікаў сёліта як ніколі. Крыпулі Докш. Насабіраў поўны кошык бярушнікаў. Бярушнікі растуць пад бярозамі. Шарагі Міёр. Параўн. бабачка, балатніца, балотнік, беразняк.
БЯРЭМНЯ гл. БЯРМЕННЕ
БЯСКІШКІ прым. Худы, з упалым жыватом, перахлябісты. Мужык мой зусім бяскішкі, хоць і кармлю яго добра. Гарбацэвічы Арш. Быў такі бяскішкі, што казаўся дзіцём. Грынеўшчына Докш. Такіх бяскішкіх у маракі не бяруць. Камень Леп. Такі бяскішкі, што здаецца, дунь – і паваліцца. Высачаны Лёзн.
БЯТЛАГА ж. Заднёная з двух бакоў невялікая (на паўвядра) бочачка для вады з дзіркай збоку. Налі ваду ў бятлагу і прынясі на поле. Слабада Шум.
БЯТЫ мн. Авечкі. Вечарам гоняць кароў, дык бяты спераду лятуць, а каровы ззаду плятуцца. Таўкіні Шарк.
В
ВАБІЦЬ незак. Марнаваць, траціць час без карысці; марнатравіць. Што ты вабіш, паглядзі, дзе сонца! Глінніца Леп.
ВАБРАЗІЦЕЛЬНА прысл. Ганарыста. Яны ўсігда дужа вабразіцельна сябе вядуць. Забалацце, Стар Арш.
ВАВЁРКА ж., бат. Грыб лісічка. Вавёрак сёліта многа, мяхамі людзі носюць. Едлавічы Брасл.
79 👁