Прыказкі Лагойшчыны (1966). А. Варлыга

 ◀  / 133  ▶ 
У гарачай вадзе купаны. Гавораць на папырсклівага й нецярплівага. 1363. У гаспадыні работа адна, трэба яе рабіці што дня. Аб штодзённай цяжкай і аднастайнай гаспадынінай працы. 1364. У гасьцях добра, а дома лепі. Воля гасьця абмяжована воляй гаспадара. А дома кажны сам сабе гаспадар. 1365. Удадзены, як забіты. Прыказваюць, калі нявіннага па хвальшывых даносах вінавацяць. 1366. У дастатку рыбку скоблюць, а ў ністачы з луской ядуць. Прыказвае бедны, калі яму вайцяюць, што ягоная ежа блага прыгатаваная або калі ён несамавіта адзеты. 1367. У двух — рада, а ў трох — зрада. 1. Сакрэты толькі тады могуць захоўвацца, калі аб іх ведаюць усяго дзьве асобы. 2. Калі з сабой сябруюць дзьве асобы, яны будуць абмаўляць трэйцюю пабочную. А калі ў сяброўсьцьве тры, дык зышоўшыся з сабой дзьве асобы, будуць абмаўляць трэйцюю свае кампаніі, няпрысутную. 1368. У добры час сказаць, а ў благі памаўчаць. Прыказваюць сяляне, калі хочуць нешта свае пахваліць, ды баяцца, каб не ўрачы. 1369. У дурнога ўсё дурноя. Лаюць таго, хто нешта благое зрабіў ці сказаў. 1370. Ужо поўны вілачкі наклаў. Прыказваюць, калі посьля колькіх удалых кражаў нейкага злодзея зловяць на гарачым учынку. 1371. У зімы рот вялікі. Прымаўка гаспадароў, калі яны зарыхтоўваюць харчы на зіму. 1372. У злодзія цяжка ўкрасьці. Майстру ў ягоным рамясьле цяжка ашукаць. 1373. Узяліся за дзела, як вошы за цела. Калі нейкую безгаспадарную маемасьць кажны сабе цягне. 1374. У каго дочкі, той ходзя біз сарочкі. Прыказка старасьвецкіх часоў, калі трэба было дочкам складаць палотны на пасагу. Калі яны выходзілі замуж — бацьком нехапала палатна на сарочкі. 1375. У каго матка, у таго галоўка гладка. Аб шчасьці тых дзяцей, якія маюць родную матку. 1376. У каго сынкі, той пячэ блінкі. Старадаўная прыказка. У каго было шмат сыноў, той шмат расьцярэбліваў пасекі, шмат сеяў пшаніцы й было з чаго бліны пячы. 1377. У карчме, лазьні, касьцеля й царкве ўсе людзі роўныя. Даўней гэтыя будынкі ўважаліся за грамадзкія й у іх кажны меў права заходзіць. Паважны гаспадар уважаў няпрыстойным забараняць некаму мыцца ў сваей лазьні
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
11 👁
 ◀  / 133  ▶