Прыказкі Лагойшчыны (1966). А. Варлыга

 ◀  / 133  ▶ 
Тань, ды тавару ні гань. Пры куплі можна й танна даваць затавар, але ня трэба прыдумляць, што тавар хвальшывы. 1332. Тапор у карчму папёр, а сякера дома сядзела. Гульня словаў, жарт-прыказка й разам загадка. Тапор — гаспадар, сякера — гаспадыня. Гаспадар пашоў у карчму, а гаспадыня дома сядзела. 1333. Татава хата. Гэтак жартам называюць вязьніцу. 1334. Тваё дзела цілячча: зьеў поіла ды атпруць ў хлеў. Прыказваюць дзецям ці падлеткам, калі тыя ўмешваюцца ў справы старэйшых. 1335. Твой язык разам і таўчэ, і меля. Калі нехта ў гутарцы адначасова хоча двум праціўным баком дагадзіць. 1336. То бокам, то скокам. Хто стараецца выкручвацца на розныя спосабы ў жыцьці, у рабоце, у гутарцы. 1337. То за пень, то за калоду. Прыказваюць, калі нехта ўхіляецца ад нейкай работы ці гутаркі. 1338. Той госьць ізноў ёсьць. Кажуць, калі зьяўляецца непажаданая асоба. 1339. Той сабака ня брэша, што спатайка кусая. Аб благім чалавеку,які спадцішка падкусвае — удае вышэй стаячым асобам, зводы робе. 1340. Той сьмяецца, хто будзя сьміяцца апошнім. А апошнім будзе сьмяяцца тады, калі іншым будзе не да сьмеху. 1341. Толькі тоя права й праў. Калі адну и тую самую работу трэба паўтараць. 1342. Трасецца, як асіна. Калі нехта трасецца ад хваробы ці страху. 1343. Трэба вехця й нажа, дык будзя добрая дзіжа. Прыказваюць, калі нейкая хвароба ці пашкоджаньне паўстала ад неахайвасьці. З казкі: — У бабы папсавалася дзяжа, і хлеб не ўдаваўся. Яна папрасіла сьвятара адправіць над дзяжой малебен. Сьвятар заўважыў, што дзяжа абкарэлая гнілым цестам, дык правячы малебен ён сьпяваў: «Трэба вехця й нажа, каб была добрая дзяжа». 1344. Трэба дуды ў мех зьбіраць. Калі вясёлы час кончыўся й настае абыдзёншчына. 1345. Трэба, каб быў воўк сыты й козы цэлы. Калі даводзіцца дагаджаць двум супроцьлеглым баком. 1346. Трэба, каб да Юр'я было сена й у дурня. Трэба, каб і нядбалы гаспадар меў сена да 23 красавіка. 1347. Трэба нос прытыкаць. Калі да некага трэба зьвяртацца ў нейкай патрэбе
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

юря
6 👁
 ◀  / 133  ▶