Прыказкі Лагойшчыны (1966). А. Варлыга

 ◀  / 133  ▶ 
Сьвіньні ні да парасят, калі самую смалюць. Адказ бацькоў бедных ці ў горы, калі ім заўважаюць, што сваіх дзяцей ня вучаць ці не даглядаюць. 1299. Сьвіньня калі адыходзя ад карыта, дык хоць зарохкая. Прыказваюць падлетку, які адышоўся ад стала ды не падзякаваў за ежу. 1300. Сьвяціць вачыма. Калі з чужой віны трэба цярпець сорам. 1301. Сьледам за дзедам. Калі нехта жыве сьлепа па прыкладзе другіх ды ад іх запазычае ўсё, добрае й благое, а ня жыве сваім розумам. 1302. Сьляпы сьляпому ні павадыр. Калі нехта слухае парадаў непрактыкоўнага, як і сам, чалавека ды дзеля гэтага мае вялікую шкоду. 1303. Сьмелы, хоць да жабы з колам. Калі нехта палахлівы выхваляецца сваей адвагай і сьмеласьцяй. 1304. Сьмерць біз прычыны ні бывая. Калі нехта шукае тых ці іншых прычынаў неспадзяванае сьмерці. 1305. Сьмерць з трубамі ня ходзя. Ніхто чалавеку не паведамляе, калі ён памрэ — ніхто ня трубе, што пара ўміраць. 1306. Сьмерць і радзіны ні глідіяць добрай гадзіны. Прыход чалавека на сьвет і адыход зь яго не залежаць ад чалавечай волі. Прыказваюць, калі радзіны й сьмерць пападаюць у дрэннае надвор'е. 1307. Сьмешна, алі ні пацешна. Калі здарэньне й сьмешнае, але нам на шкоду. 1308. Сьмяецца, як зялезца знашоўшы. Сьмяецца дурным сьмехам. 1309. Сьпераду цалуя, а ззаду кусая. Калі нехта ў вочы падхлебліваецца, прыдобрываецца, а за вочы зводы робе, удае некаму. 1310. Сьціражонага й Бог сьціражэ. Гэтак перасьцерагаюць сваіх дзяцей, каб былі асьцярожнымі. 1311. Сяджу, як на жары. Прыказвае той, хто цярпіць незаслужаны сорам. 1312. Сядзеў рускі месіц. Калі нехта нейдзе доўга быў. 1313. Сядзіць, як куцьця. Сядзіць паважна, непарушна, спакойна. 1314. Сядзь у нас, дома госьць будзіш. Жартуюць, калі сусед прыйдзе да суседа пагаварыць ды не сядае. 1315. Сяло біз канца ні бывая. Гэтак разважаюць таго, каму даводзіцца апошняе з канца месца
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

надворе
6 👁
 ◀  / 133  ▶