Прышла Ільля, чалавек пашоў па гародзя, як свіньня. Прыказваюць таму, што на Ільлю — 20 ліпеня — гародніна гатовая да спажываньня. 1148. Прышла Прачыстая, дык і бярозка чыстая. Бо каля Другой Прачыстай — 8 верасьня — ліст зь бярозы асыпаецца. 1149. Прышлі Калядкі, блінкі ды аладкі. Даўнейшае ўсхваленьне Калядаў, калі іх сьвяткавалі два тыдні ды пяклі бліны й аладкі. 1150. Прышоў май, каню сена дай, а сам на печ уцікай. Аб холадзе ў месяцы траўні, як прыдуць зазімкі й каня трэба карміць у хляве, а самому грэцца на печы. 1151. Прышоў мужык зь сіла ды гоня пана з двара. Прыказваюць, калі зайдзе вялікае нахабства ў парушэньні ўласнасьці. 1152. Прышоў на ўздабыткі. Калі нехта прыходзе нешта патрэбнае купіць ці пазычыць. 1153. Прышоў ні званы й пашоў ні сланы. Калі няпрошаны госьць прыходзіў у хату. 1154. Прышоў Пятрок — адпаў лісток, прышла Ільля — адпалі два. Аб паступовым надыходзе восені. 1155. Прыйшоў Спас — усяго з нас. На Спаса, 6 жніўня, сяляне маюць да ўжытку гародніну й садавіну, а навет і новы хлеб. 1156. Прышый кабыля хвост, а ў яе й свой ёсьць. Калі хто набывае зусім непатрэбную рэч, якая будзе толькі замішшчам. 1157. Прэціляў пазьбіраў. Калі нехта памрэ й зьбяруцца прыяцелі — сваякі й сябры — дзяліць маемасьць. 1158. Пустыня ніколі ня стыня. Пустыняй называюць пустога чалавека,у якога ўсё пустое — і гутарка, і чыны. Прыказка кажа, што пусты чалавек ня стане лаважным. 1159. Пусьці павалюся, падымі ні устану. Аб бездапаможным, апушчоніку ці гультаю, які сам сябе не дагледзе. 1160. Пусьці свіню за стол, дык іна й ногі на стол. Калі бязуважнага, грубога чалавека прыняць у паважную кампанію, дык ён там сваімі паводзінамі няпрыемнасьцяў наробіць. 1161. Пусьці злыдня на тры дні, а ён і за тры тыдні ня выйдзя. Калі пусьцяць у хату благога кутніка ці кватаранта. 1162. Пчала ляціць на любы цвэт. I сярод людзей ня можа быць ні прымусу, ні абмежаваньня ў падбіраньні сяброўства як у васабістым жыцьці, гэтак і ў грамадзкім. 1163. Пыл ды дым, як ляцім. Прыказваюць дзеці пры гульні-бегу. 1164. Пытаецца люты, ці добра абуты. Бо ў лютым месяцы бываюць вялікія маразы й ногі мерзнуць
14 👁