Просім-ядзім, а падлезіш — ложкай у лоб дадзім. Жарт. Калі нехта прышоў пры ядзе ды аказаў: «Сыць вам!» — дык гаспадар гавора: «Просім у полудзінь». Сусед-жа, што прышоў, дадае: «Просімядзім, а падлезіш, дык ложкай у лоб дадзім». 1132. Проці ліха на ўзгорачку. Жартаўлівы адказ пытаючаму, дзе нехта жыве: — Тата, а дзе злодзі жыве? — Проці ліха на ўзгорачку! 1133. Проці зады цяжка плысьці. Цяжка змагацца зь вялікай сілай. 1134. Проч ідзі, а жыта сей. Калі нехта ня хоча брацца за ніякую работу, бо ладзіцца празь нейкі час пакінуць хату. Даўней быў гэткі закон у Ліцьве (Беларусі), што калі арандатар пакідаў нейкую сялібу, жыта мусеў засеяць. Бадай што ад гэтага й пайшла гэтая прыказка. 1135. Проша, пані Калоша. Гэтак жартаўліва запрашаюць сядаць за стол, хоць чалавек і не называецца Калошам. 1136. Проша ў кут, дзе ўсе тут. Гэтак просяць гасьцей сядаць за стол. 1137. Прыбяры пень, дык і пень харош. Калі ганарысты, але тупы чалавек добра прыбярэцца. Адзежа чалавека аздабляе, але розуму не дадае. 1138. Пры гатовай калодзя добра й агонь класьці. Калі нехта, маючы запас грошы, гаспадарку ці прадпрыемства закладае. 1139. Прыдзі да мяне тады ў госьці, калі мяне дома ня будзя. Жартуюць з таго, хто запрасіў гасьцей, а сам нейдзе пашоў з дому. 1140. Прыдзя каза да лазы, папрося брэду. Прыдзе такі час, што й ты будзеш прасіць ласкі. Брэд — шышачкі на вербалозе, якія козы надта любяць. Прыказвае той, каму адмовілі ў дапамозе. 1141. Прыкусі языка. Папярэджаньне падлетка, каб непатрэбнага не гаварыў. 1142. Прымацкі хлеб сабацкі. Прымаку трэба цярпець шмат крыўды ня толькі ад жонкі, але ад усей жончынай радні, а найболей ад цешчы. 1143. Прыняць ласку. Не адмовіцца сесьці за стол, калі запрашаюць. 1144. Прыстаў у пень. Замарыўся, што й кроку далей ступіць ня можа. 1145. Прычапіўся, як смала. Прыказваюць, калі нехта прыстае зь нейкай просьбай. 1146. Прычапіўся, як сьляпы к колу. Калі нехта прыстае да другога, каб уступіць у лаянку ці звадку
9 👁