Посьля сьмерці мной хоць плот падапры. Прыказвае той, каго пры жыцьці крыўдзяць ды цешаць, што яго ўславяць посьля ягонай сьмерці. 1109. Потарч носам. Носам проста ўніз. 1110. Поўная бруха да вучэньня глуха. Бяднейшы вучань, які часта недаядае, лепей вучыцца за багатага. 1111. Прабой пацалаваў. Прыходзіў да некага ды хата была замкнёная. 1112. Правіцца, як скурат на агні. Калі нехта з усіх бакоў вінны, але ўсё намагаецца ўнявіньніцца. 1113. Прадаць можна ў вадных лапцях, а каб купіць, дык трэба сямёра стаптаць. Прадаць лягчэй, бо ў прадаўца толькі адна думка — добрую цану ўзяць. Хто-ж купляе, дык думае, каб танна заплаціць і каб на тавары не ашукацца. 1114. Прадзе ды ня ведая, дзе кладзе. Аб работніку, які хваліцца, што шмат робе, але ягонай работы нідзе ня відаць. 1115. Празь сілу й конь ні вязе. Каб чалавеку звыж ягонай сілы работы не давалі. 1116. Прайшлі зіма й лета, пройдзя й гэта. Разважаюць таго, хто мае нейкую бяду ці зазнаў крыўду. 1117. Прапала кароўка, дык ніхай прападая й вяроўка. Калі прапала вялікая рэч, няма што шкадаваць драбніцаў. 1118. Прапалі, як рудыя мышы. Аб нечым ці некім, што прапала дашчэнту. 1119. Прапаў з скуркай. Аб тым, што аб ім і ніякой весткі не засталося. 1120. Праўда, як на вярбе йгрушы. Аб відавочнай мане. 1121. Прапаў, як лазовы лапаць на пагодзя. Калі нешта гіне раптам і канчаткова. 1122. Праўда вочы коля. Калі хто злуе, як яму праўду кажуць. 1123. Праўду й у касьцеля можна гаварыць. Калі каму забараняюць праўду казаць. 1124. Працуй нябожа, дык і Бог дапаможа. Парада гультаю. 1125. Працуя абы дзень да вечара. Аб гультаі. 1126. Працуя, а поту ня чуя. Аб павольным работніку. 1127. Працуя, а спагады ня чуя. Калі няма належнай увагі й пашаны за добрую працу. 1128. Працуя духу паслухаючы. Працуе пад пільным наглядам прыганятага. 1129. Працуя на чорта лысага. Працуе на свайго ворага. 1130. Працуя, як чорны вол. Аб вельмі працавітым
12 👁