пакуль чалавека ня возьмуць у рукі, абыходзяцца зь ім ласкава, а потым і пагражаць пачынаюць. 1091. Першы блін комам. Пры няўдачы на пачатку работы. 1092. Пёрціся на ражон. Калі нехта самахоць лезе ў небясьпеку. 1093. Пірабіваіцца з хлеба на квас. Жыве ў цяжкіх матар'яльных умовах ды штораз горшых — «быў хлеб ды зышло на квас». 1094. Пірад панам Тодарам расхадзіўся ходарам. Аб тым, хто з прымусу дагаджае свайму валадару-ворагу, навет паніжаючы сваю людзкую годнасьць, каб гэтым захаваць сваё існаваньне. З казкі: — У двор прыехаў новы пан Фёдараў. Ён для зьдзеку ў суботу прымусіў свайго карчмара скакаць і пець, і карчмар скакаў і пеў: Пірад панам Хвёдарам Hi я скачу — няволя, Расхадзіўся ходарам. Ня Бог вялеў — пановя. 1095. Пірахрысьціся ды пусьціся. Парада быць адважным, калі пасылаюць у небясьпечнае месца. 1096. Піця жылы, пакуль жывы, а як памром, дык і колам ня ўб'ём. Жартуюць пры выпіўцы. 1097. Пішы паня, што прапала. Калі няма надзеі на спагнаньне нейкага доўгу. 1098. Плакаў, плакаў, — усё Бог аднакаў, а як стаў сьпіваць — стаў Бог даваць. Плачам свайго жыцьця не паправіш. 1099. Плата ў ката, абы душа ня ў пні. Аб тым, хто не клапоціцца аб добрай плаце за работу, абы ежа была добрая. 1100. Плаціць сухой лазы. Загадзя выкупляецца ад зладзеяў, каб ня кралі. 1101. Плачця вочы, хоць павылазьця, бо бачылі, што куплялі. Гэтак жартуюць з таго, хто купіў нейкую няпрыгодную рэч. 1102. Плюнь ды нагой затры. Прыказваюць таму, на каго нарабілі нейкіх зводаў, каб ён не зьвяртаў увагі на гэту выдумку, бо ява столькі-жвартая, як выплюненая й зацёртая сьліна. 1103. Поля роўна ляжыць ды гуляць ні вяліць. Палявая гаспадарка патрабуе, каб гаспадар ня гуляў, а працаваў на полі. 1104. Поп сваё, а чорт сваё: аддай маю малітву. Калі два праціўнікі ўступяць у бясконцую спрэчку ды адзін аднаму ня ўступаюць. 1105. Порыцца, як старац у торбя. Аб тым, хто марудна выконвае работу ці доўга мацаецца, калі нечага шукае. 1106. Посьля гэбля ды тапаром папраўляя. Калі нявучаны бярэцца папраўляць работу вучонага. 1107. Посьля кашы німа пашы. У звычаі Беларусаў падаваць кашу апошняй стравай
Дадатковыя словы
матаряльных, ўбём
9 👁