Прыказкі Лагойшчыны (1966). А. Варлыга

 ◀  / 133  ▶ 
Пакуль цэп, патуль і хлеб. У беднага селяніна хлеб толькі восеняй, пакуль малоцяць. 1038. Пакуль чужы сабака забрэша, дык свой і ўкуся. Пакуль чужы слова благое скажа, свой цяжка пакрыўдзе. 1039. Па ласым куся я й вады нап'юся. Прыказвае практыкоўны селянін,які ня гоніцца за дарагім, смачным пітвом, але яму посьля смачнай ласай ежы добра й вады напіцца. 1040. Палезшы за жукам, будзіш у брудзя. Калі прыстанеш у сяброўства зь нячыстым на паводзіны чалавекам, апынешся ў вялікай няпрыемнасьці. 1041. Паліц аб паліц ні ўдара. Выказваньне аб гультаю. 1042. Пальца німа чым завінуць. Прыказваюць, калі хочуць выказаць нейчую беднасьць на адзежу. 1043. Палкая сэрца скора пірагарая. Шчырыя, з палкай натурай людзі доўга ня жывуць. 1044. Памажы падняць, дык будзім міняць. Прыказваецца таму, хто ўвачавідкі хоча ашукаць. З казкі: Гандляр коньмі прасіў гаспадара памагчы падняць ягонага каня, і тады ён памяняе гэтага каня на гаспадаровага. 1045. Памёрці ні памрэш, а часы патрэш. Жартуюць найчасьцей з таго, які прыкідаецца хворым ды час траце бяз працы. 1046. Паміняў быка на індыка. Калі нехта, мяняючы, моцна ашукаўся. 1047. Паміняў гаршчок на гліну. Калі нехта пры гандлі чыста ашукаўся. 1048. Па мне ніхай хоць воўк траву есьць. Гавора той, хто ня хоча ўмешвацца ў чужыя справы. 1049. Памог, як кашаль у хваробя. Калі нехта, памагаючы, пашкодзіць. 1050. Пана клянуць, а ў пана бруха расьце. Сама клёнка шкоды ня робе. 1051. Па нітачца клубочка шукаюць. Калі па ледзь значных адзнаках і здагадках вінавайцу даходзяць. 1052. Пан кладзе пічаць, а мужык глядзіць, адкуль пачаць. Аб спрыце селяніна, які й багатага ды вучонага пана хоча ашукаць. 1053. Пану верна ні служы, жонцы праўды ні кажы, з жыдам шчыра ні дружы й здольнікаў ні бяры. З казкі: — Данскі лясьнік прызнаўся ў сакрэце жонцы. Жонка пахвалілася суседцы-жыдоўцы. Жыд данёс пану. Пан прысудзіў лясьніка павесіць. Вешаць яго згадзіўся лясьнікоў здольнік, каб яму засталася лясьнікова гаспадарка. Лясьнік тады й аб'явіў гэтую прыказку
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

абявіў, напюся
28 👁
 ◀  / 133  ▶