Муж біў жонку не за тое, што хадзіла жаць жыта, а за тое, што дамоў нанач ня прышла.
867. Ні злавіў за руку, ні кажы, што злодзі. Ня можна вініць некага, калі няма пэўных довадаў.
868. Ні з тваім носам мышы капаць. Ня трэба брацца за тую работу, да якой няма здольнасьці й спрыту.
869. Ні запеў. Ня будзеш мець шчасьця, ня будзеш здаволены. Зь вясельнае песьні: «Ні запеў мяне ўзяўшы — будзіш біць прывязаўшы».
870. Ні кайся рана ўстаўшы й замалада ажаніўшыся. Усе тое добра, што ў сваім часе робіцца.
871. Ні кала, ні двара. Кажуць на таго, хто ня мае нярухомай маемасьці.
872. Ні капай на другога ямы, бо сам у яе ўвалішся. Калі хто рыхтуе загубу для іншых, гэткую-ж загубу прырыхтуюць і яму.
873. Ні карміўшы буракамі, ні пасылаць за быкамі. Калі не прычыніўся да забясьпечаньня існаваньня нейкае асобы, ня маеш права й выкарыстоўваць яе для свае карысьці.
874. Ні кладзі пальцаў у дзьверы, бо прыціснуць. Ня лезь у відавочную небясьпеку, бо будзеш мець вялікую няпрыемнасьць.
875. Ніколі ня спозьнішся аддаць стары доўг і памерці. Прыказваюць, калі аддаюць стары доўг.
876. Ніколі ня спозьнішся памерці й пайсьці ў калгас. Гэтак прыказвалі сяляне, калі іх у 1930-31 гадох заганялі ў калгасы.
— Чаму ты, Мордух, ня ідзеш у калгас?
— Пайду, пайду! Будзе парой.
— Глядзіш, каб ні было позна! (пагроза, што вышлюць у Котлас).
— Памёрці й пайсьці ў калгас ніколі ні спазьнішся.
877. Ні красна хата вугламі, а красна пірагамі. Гаспадарка й гаспадар славяцца ня прыгожым выглядам, але сваей гасьціннасьцяй.
878. Нікому роту ні завяжыш. Прыказвае той, якога няпраўдай зьнеслаўляюць.
879. Ні крычы, алі наўчы. Ня крыкам і лаянкай трэба вучыць таго, хто недаўмее нечага, але добрым словам.
880. Ні к сялу, ні к гораду. Калі нехта нешта скажа не да ладу.
881. Ні куецца ды плешчыцца. Калі няма ладу ў рабоце або калі ў жыцьці ня ладзіцца.
882. Нік! — як сучка ў жбан. Прыказваюць таму, хто заглядае туды, дзе яму няма патрэбы заглядаць.
883. Ні ладу, ні складу. Аб ламакаватым работніку, у рабоце якога няма парадку.
110 👁