чорт у лядзьвях за поясам». Прыклады прыказак з «Ліста да Абуховіча»: «Уваляўся ў славу, як сьвіньня ў гразь», «Упаў у новым кажусе ў густое балота», «У срамоце сядзіць як дзяцял у дупле», «Кудзеля — жаноцкая рэч», «Калі чалавек надта кусіць — і пастагнаць мусіць, і хвасту бывае непакой». Здольны аўтар сатырычнага «Ліста да Абуховіча» быў і сам тварцом прыказкі. Выражэньне зь ягонага ліста «Лепей было, пане Піліпе, сядзеці табе ў Ліпе», здабыло папулярнасьць, пашло ў гутарковы абыход, стала агульна ведамаю гістарычнаю прыказкай, якую можна было пачуць у Беларусі яшчэ й у першай палове мінулага стагодзьдзя. Папулярнаю ў сваю пару ў Беларусі была й на паўтара стагодзьдзя старэйшая гістарычная прыказка «Кароль даў, Гаштаўт узяў». Даволі рана зьявіўся й першы друкаваны зборнік беларускіх народных прыказак. Склаў гэты зборнік і ў 1618 годзе ў Любчы над Нёмнам выдаў Салямон Рысінскі, што паходзіў ці не з Рысіна каля Клімавічаў у Магілёўшчыне. У гэтым зборніку звыш 1800 прыказак. Паколькі сацыяльныя вярхі й інтэлігенцыя Беларусі ў тую пару моўна пачала ўжо палянізавацца, дык і Рысінскі сабраныя беларускія прыказкі ў сваім зборніку даў у польскім, часта няўдалым, перакладзе. Дадаў да іх Рысінскі й некаторы лік запраўдных польскіх прыказак. Вельмі цікавы любчанскі зборнік Рысінскага тым, што ягоны ўкладальнік, як чалавек шырака адукаваны, побач шмат прыказак даў і іхныя адпаведнікі ў мове лацінскай зь літаратуры сусьветнай. Палацінску Рысінскі прыводзіць прыказкі й афарызмы з кнігаў Бібліі, з твораў клясыкаў грэцкае й рымскае літаратураў, твораў заходняэўрапейскіх пісьменьнікаў, прыказкі італьянскія, гішпанскія. У зборніку прыказкі супастаўленыя з прыказкамі й афарызмамі звыш пяцідзесяці аўтараў і крыніц сусьветнае літаратуры. З гэтага гледзішча гэта адзіны зборнік беларускіх прыказак, роўнага, ці хоць падобнага якому, дагэтуль не зьявілася. Незважаючы на даволі раньні, дадзены Рысінскім, пачатак, сыстэматычнае запісваньне беларускіх народных прыказак пачалося толькі каля паловы мінулага стагодзьдзя разам із шпаркім тады разьвіцьцём беларускае этнаграфіі. Запісаныя янічэ ў XVIII стагодзьдзі, у годзе 1776, В. Загорскім 316 беларускіх прыказак, ляжаць недрукаваныя ў віленскім архіве й дагэтуль. У XIX стагодзьдзі было надрукаваных колькідзесят большых і меншых запісаў беларускіх прыказак, а між імі запісы Рыпінскага, Чачота, Тышкевіча, Шпілеўскага, Насовіча, Карловіча, Дыбоўскага, Раманава, Шэйна, Арэшчыхі, Ляцкага, Дабравольскага
23 👁