адцемленыя ўжо й у гэтым зборніку (прыкладам 66, 87, 876, 1413, 1543). Хоць прыказка зараджаецца ў жывой народнай мове й іх аўтар — народ, дый зь сялянскіх хат яны заўсёды знаходзілі шлях і ў баярскія дый магнацкія палацы, а навет і ў княжыя харомы. Зь летапісаў, для прыкладу, ведама, што вялікі князь Ягайла асьцярожную тактыку свае дыпляматыі любіў падмацоўваць беларускай прыказкай «Богу служы й чорта не гняві». Знаў і любіў беларускія прыказкі й Ягайлаў сын, вялікі князь Казімер Ягайлавіч. Калі раз загадаў ён каваць зорою й яўна ў вялікім сакрэце рыхтаваўся да ваеннага паходу, а у яго нехта пытаўся, супроць каго гэта будзе вайна, Казімер Ягайлавіч адказваў беларускай прыказкай: «Каб мая сарочка знала, то-б я яе зжог!» У 1621 годзе ў Малдавіі, на палёх Хаціма, насупроць вялікіх арміяў турэцкага султана сталі злучаныя войскі Літвы й Польшчы. Галоўным гэтманам над усім войскам Рэчы паспалітае, дзеля веку, павагі, ваеннага дазнаньня й славы, быў назначаны вялікі гэтман літоўскі Ян Кароль Хадкевіч. Летапіс паходу адцемлівае, што калі раз гэтман Хадкевіч аб'яжджаў і аглядаў сваё войска, а жаўнеры пачалі выпытваць у яго, ці праўда, што туркаў вельмі шмат, звыш поўміліёна, дык гэтман, стукнуўшы рукой па шаблі, адказаў: «Гэтая іх палічыць!» Калі-ж жаўнеры далей дапытваліся, ці праўда, што турэцкі султан вельмі-ж ліхі й люты, Хадкевіч адказаў на гэта беларускай прыказкай: «Сярдзіты сабака ваўком страва!». Дзеля сваіх высокіх мастацкіх якасьцяў народныя прыказкі пранікалі й у творы старое беларускае пісменнасьці ад самых зачаткаў яе зараджэньня. Зьяўляліся яны, як відаць ужо з вышэй пададзеных прыкладаў, найперш у летапісах, далей у граматах-лістох, а таксама ў казаньнях і пасланьнях літаратуры рэлігійнай. Густа народнымі прыказкамі ў сваіх водпісах-лістох сыпаў ведамы аршанскі стараста, пазьнейшы сэнатар і ваявода смаленскі, Філон Кміта Чарнабыльскі. У ягоных «водпісах» 1573-1574 год сустрэнем гэткія прыказкі: «Баба на двое варажыла», «Калі тапілі — тапор давалі, а выплыўшы — ні тапарышча», «Як даробіцца ліха, прарэжуцца й зубы», «I кашы не хачу, і па ваду ня іду», «Ажогшыся на малацэ велена на ваду дуць». Прыказкамі асабліва густа перасыпаныя творы сатырычнапалітычнага жанру старое беларускае літаратуры, як ведамая «Прамова Мялешкі» першае паловы XVII стагодзьдзя, ці «Ліст да Абуховіча» 1655 году. Прыказкі ў «Прамове Мялешкі» - «Праўдаю як сольлю ў вочы кідывалі», «Хоць наша костка, аднак сабачым мясам абрасла й ваняець», «Іх і зублём ня выкурылі», «Сівізна ў барадзе, а
Дадатковыя словы
абяжджаў, зброю
28 👁